Грузія адмовіла ў міжнароднай абароне беларускай палітуцякачцы Марыне Зялёнай
Марына Зялёная
Грузія адмовіла ў міжнароднай абароне сяброўцы Каардынацыйнай Рады Марыне Зялёнай (Калінінай). Актывістка распавяла ў сацсетках, што атрымала ліст з адмовай ад Дэпартамента міграцыі.
"Я і маё дзіця падыходзім па ўмовах Жэнеўскай канвенцыі аб бежанцах 1951 г., але не падыходзім з пункту гледжання Службы дзяржаўнай бяспекі Грузіі", — абураецца Зялёная.
Актывістка паведамляе, што цяпер складае тэкст ліста амбудсмену Грузіі і вельмі хоча абараніць правы свайго сына і атрымаць на яго дакумент. Яна дадае, што цяпер у Грузіі пражываюць каля 10 тысяч беларусаў, частка з якіх "праз указ аб нявыдачы беларусам пашпартоў за мяжой" мае праблемы з дакументамі. Яны не могуць выехаць на навучанне, ці працу, ці сустрэчу са сваякамі ў іншую краіну, аддаць дзіця ў дзіцячы сад ці адкрыць картку ў банку.
На сёння невядома пра выпадкі, калі б Грузія выдавала абаронны статус беларусам. Але гэта не адзіная праблема: праз тое, што Грузія — фармальна бяспечная краіна, беларусы ў ёй сутыкаюцца са складанасцямі пры афармленні гуманітарных еўрапейскіх віз. І рызыкуюць застацца без дакументаў, калі заканчваецца тэрмін дзеяння пашпарта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.