У якой краіне небяспечней за ўсё застацца без беларускага пашпарта?
Беларусы ў Грузіі
Дэмсілы паспяхова вырашаюць праблемы з легалізацыяй дыяспар "на мацерыку" — у Літве і Польшчы. Тым часам беларусы ў Грузіі атрымліваюць усё больш адмоваў у афармленні ВНЖ. А многія з іх цяпер рызыкуюць застацца не толькі без пашпартоў, але і без шэнгенскіх візаў. Што рабіць?
Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерый Кавалеўскі сказаў Еўрарадыё, што Кабінет кантактуе з грузінскімі ўладамі ў спробе палегчыць жыццё беларускай дыяспары.
— Гэтая праблема нам вядомая. Абмяркоўваем рашэнні да яе з трэцімі краінамі праз садзейнічанне ў атрыманні віз для тых беларусаў, хто хацеў бы памяняць краіну пражывання. Таксама звярнуліся да грузінскіх уладаў з прапановай абмеркаваць праблему і знайсці для яе вырашэнне на нацыянальным узроўні, — кажа Кавалеўскі.
То бок, Кабінет апроч іншага паспрабуе дапамагчы беларусам атрымаць "шэнген", каб з'ехаць з Грузіі. Але шмат якія беларусы не хочуць з'язджаць. Чаму?
Я з'язджала не "з Беларусі", а "ў Грузію"
Вольга пераязджала ў Грузію не з прымусу, а з любові да краіны. Жартуе, маўляў, надакучыла кожны год ездзіць у адпачынак у адну толькі Грузію. Таму вырашыла ў ёй жыць — каб нарэшце паехаць у адпачынак у Еўропу.
У траўні ў Вольгі заканчваецца беларускі пашпарт, і ўпершыню за шмат гадоў жыцця ў Грузіі беларуска сутыкнулася з праблемай легалізацыі.
Раней для камфортнага жыцця ў Грузіі не трэба было нават афармляць ВНЖ — сіняга беларускага пашпарта было дастаткова, каб знаходзіцца ў краіне 365 дзён на год. З ім можна было нават уладкавацца ў дзяржструктуру. Від на жыхарства не даваў ніякіх прэферэнцый — і атрымаць яго было вельмі проста.
І ўсё роўна Савелій лічыць, што Грузія — добрае месца для эміграцыі.
— Тут можна без цяжкасцяў затрымацца на адзін-два гады, супакоіцца і разабрацца з тым, куды рухацца. Раней тут было яшчэ і нядорага — але цяпер кошты выраслі, і гэта сур'ёзны мінус.
А Вольга дзеліцца з намі фантастычнай гісторыяй свайго кахання з Грузіяй.
— Я пазнаёмілася з дзяўчынай з Грузіі, і ў нейкі момант мы дамовіліся: калі я буду выходзіць замуж, яна прыляціць да мяне ў Беларусь, а калі яна будзе выходзіць замуж — я палячу да яе ў Грузію.
І тут яна тэлефануе мне і кажа: Оля, я выходжу замуж. Я кажу: ой, віншую! Яна мне: нагадваю, ты абяцала прыляцець да мяне на вяселле! Ну, абяцала, значыць, абяцала. Чамадан, вакзал, Тбілісі.
І так я трапіла на грузінскае вяселле. І не ў рэстарацыю ў Тбілісі, а ў вёску, у горы! Было адчуванне, што я ў кіно. І пасля гэтага я ездзіла ў Грузію кожны раз, як з'яўляліся вольныя час і грошы. Як наркаман з "сіндромам набытага грузінадэфіцыту": Грузія, Грузія, Грузія.
Але пераязджаць я збіралася не ў Грузію, а да сваякоў у Германію. Напярэдадні ад'езду я паехала сустрэць свой апошні Новы год у Грузіі, каб развітацца з ёй. І седзячы 2 студзеня ў грузінскай рэстарацыі і папіваючы віно, я выпадкова знайшла працу ў Грузіі. Ды ну яе, тую Нямеччыну, калі можна жыць у Грузіі! Мне тут падабаецца ўсё: людзі, клімат, прырода, ежа!..
Цяпер Вольга вольна размаўляе на грузінскай мове і танчыць грузінскія танцы. Нават сутыкнуўшыся цяпер з праблемамі ў легалізацыі, Вольга не плануе атрымліваць шэнгенскую візу.
— Я зраблю ўсё, каб застацца тут. Я вельмі люблю Еўропу, але я люблю па ёй падарожнічаць. А жыць я хачу ў Грузіі. Але цяпер я сутыкнулася з сітуацыяй, калі застануся без пашпарта — і тады я не толькі ў Еўропу не змагу паехаць, але і ў Грузіі буду вымушаная сядзець як мыш пад венікам.
Чым (ці) дапамогуць дэмсілы?
Праблемы беларускіх дыяспар у Польшчы і Літве дэмсілы вырашаюць даволі эфектыўна. Але што з "грузінскім анклавам"? Мы звярнуліся ў НАУ, каб даведацца, хто і як плануе дапамагчы дыяспары ў легалізацыі.
Юрыст НАУ Арцём Праскаловіч канстатуе: так, апошнім часам колькасць індывідуальных запытаў ад беларусаў, якія сутыкнуліся з праблемамі ў атрыманні візаў і праязных дакументаў, вырасла.
— За кожным зваротам — складаная сітуацыя і перспектывы вяртавання ў Беларусь, а таксама — пагроза сесці ў турму. Таму па магчымасці, Павел Латушка накіроўвае адпаведныя лісты ад імя Кабінета з просьбамі ўважліва, улічваючы беларускі кантэкст, разглядаць такія сітуацыі. Спадзяваемся, што яны маюць эфект і дапамагаюць у самых экстраных сітуацыях. Але, вядома ж, такое ручное кіраванне — не выхад са склаўшайся сітуацыі.
Таму НАУ, АПК і іншыя прадстаўнікі дэмакратычнага руху прыкладаюць усе намаганні, каб комплексна і эфектыўна вырашаць тыя праблемы, якія паўстаюць перад беларусамі з-за дзеянняў рэжыму Лукашэнкі. Асабліва пасля так званага ўказа аб пашпартах і даверанасцях.
У прыватнасці, НАУ некалькі месяцаў збірала інфармацыю пра праблемы беларусаў і ўчора Павел Латушка перадаў пакет прапаноў у Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы. Акрамя таго пры МУС Польшчы на пастаяннай аснове дзейнічае рабочая група. Дзякуючы яе намаганням, беларусы атрымалі шэраг дадатковых магчымасцяў у працэдурах легалізацыі.
Падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Польшчу Паўлам Латушкам таксама запытаная тэрміновая сустрэча з Консульскім дэпартаментам МЗС Польшчы.
Але не ўсе пытанні магчыма вырашаць аператыўна. Варта разумець, што гэта заканадаўчая сістэма іншых краін. Нават працэдурна нешта змяніць даволі складана: ініцыятыва, абмеркаванне ў парламенце, падпісанне закона прэзідэнтам. І на любым этапе могуць быць праблемы і перашкоды. Тым больш, што пытанні датычаць інтарэсаў грамадзян іншай краіны.
У НАУ далі некалькі базавых парадаў тым, хто ўжо рызыкуе стаць "чалавекам без пашпарта":
— не цягнуць да апошняга;
— звяртацца ў "Адно акно", ЦБС, грамадскія арганізацыі ў краіне ведаў;
— падаваць заяву па працэдуры міжнароднай абароны.
— Калі пагражае крымінальны пераслед, то варта глядзець у бок любой краіны. І ў выпадку пачатку працэдур дэпартацыі дадаткова да вышэйпералічаных крокаў — падымаць розгалас у СМІ, прыцягваць як мага больш увагі. Такія дзеянні не забяспечаць атрыманне віду на жыхарства, але дадуць дадатковы час на вырашэнне праблемы, — рэзюмуе Праскаловіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.