Губарэвіч пракаментаваў здымкі затрыманых, паказаныя прапагандыстам
"Сілавікі і прапагандысты селі ў лужыну"
Каардынатар праграмы "Кадравы рэзерв для новай Беларусі" Юрась Губарэвіч пракаментаваў сюжэт прапагандыста Ігара Тура ў эфіры тэлеканала АНТ. Там сцвярджалася, што ў РБ затрымана не менш за 15 чалавек, якія праходзілі навучанне па згаданай праграме.
"Сілавікі і прапагандысты селі ў лужыну... Ніякага доступу да базы даных і спісу ўдзельнікаў яны не атрымалі", — піша Губарэвіч у Facebook.
Цяпер праводзіцца збор інфармацыі пра асоб, прадэманстраваных на здымках у прапагандысцкім сюжэце. "Тыя, каго атрымалася ідэнтыфікаваць, не маюць і ніколі не мелі дачынення да "Кадравага рэзерву", — сведчыць Губарэвіч. — Некаторыя з іх знаходзяцца на свабодзе ці ўвогуле раней пакінулі межы Беларусі. Па некаторых былі выкарыстаныя здымкі з ранейшых затрыманняў, не звязаных з "Кадравым рэзервам".
Праграма "Кадравы рэзерв для новай Беларусі" існуе з канца 2022 года. Яе запусціў Аб'яднаны пераходны кабінет з мэтай навучання і падрыхтоўкі прафесіяналаў, якія з часам змогуць працаваць на дзяржаўных пасадах і праводзіць рэформы.
14 лютага ў Беларусі распачалі крымінальную справу на прадстаўнікоў "Кадравага рэзерву для новай Беларусі". Іх абвінавачваюць у стварэнні "экстрэмісцкага фармавання" ці ўдзеле ў ім.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.