Гулак: Улада разумее кіраванне найперш як "моцную руку"

Ці варта беларускаму грамадству спадзявацца на далейшую лібералізацыю ў краіне? Пра гэта Еўрарадыё спытала ў вядомага праваабаронцы, кіраўніка Беларускага Хельсінкскага камітэта Алега Гулака.

Напярэдадні генсакратар Савета Еўропы Турб'ёрн Ягланд выказаў надзею, што цяпер беларускія ўлады ўвядуць мараторый на смяротнае пакаранне.

Турб'ерн Ягланд: Цяпер варта аб’явіць мараторый на смяротнае пакаранне

Аднак беларускі праваабаронца кажа, што наўрад ці варта спадзявацца на гэтую меру.

Гулак: "Смяротнае пакаранне, па-мойму, складаней для нашых уладаў, чым вызваленне палітвязняў. Калі для вызвалення палітвязняў быў моцны ўплыў Злучаных Штатаў, то аб адмене пакарання яны не ствяць патрабаванняў. І гэты фактар трэба ўлічваць".

Гулак мяркуе, што беларускія ўлады да лібералізацыі могуць падштурхнуць толькі эканамічныя фактары.

Гулак: "У нашых уладаў зараз складаная задача — захаваць кіраванне, у іх разуменні. А яны яго разумець перш за ўсё як моцную руку... А пры гэтым яшчэ неабходна зрабіць крокі насустрач Захаду, паколькі эканоміка гэтага патрабуе. І, відавочна, хочацца атрымаць большае прызнанне выбараў".

На думку эксперта, бліжэйшым часам наўрад ці варта чакаць шырокай лібералізацыі грамадства. Але беларускія ўлады, мяркуе Гулак, будуць вымушаныя ісці на збліжэнне з Захадам, бо Расія наўрад ці здолее дапамагаць неэфектыўнай беларускай эканоміцы. Таму нейкія зрухі ў бок лібералізацыі ўсё ж мусяць адбыцца.

Дарэчы, у Беларусі, зараз з'яўляюцца новыя палітвязні — удзельнікі так званай "справы графітыстаў". Але, на думку Гулака, наўрад ці варта чакаць іх хуткага вызвалення: справа толькі раскручваецца, і міжнародная супольнасць пра іх яшчэ не ведае, каб аказваць ціск на беларускія ўлады.

Фота: belsat.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі