Хакеісты Даніі байкатуюць чэмпіянат свету, калі ён пройдзе ў Мінску
Дацкі хакейны саюз разглядае варыянт байкоту чэмпіянату свету 2021 года, калі ён продзе ў Мінску.
"Мы не хочам, каб наша зборная па хакеі выступала на чэмпіянаце свету ў Мінску. Мы хочам, каб чэмпіянат свету прайшоў у іншай краіне. Ужо летась некалькі нашых хакеістаў крытычна выказаліся наконт магчымага правядзення ЧС у Мінску", — перадае Tribuna.com словы дырэктара Дацкага хакейнага саюза Ульрыка Ларсена.
Ён кажа, што цяпер датчане чакаюць, што вырашыць ІІХФ з нагоды месца правядзення турніру.
Па словах Ларсена, пасля сустрэчы з прадстаўнікамі федэрацый суседніх краін ён перакананы, што ўсе паўночныя краіны падзяляюць пазіцыю Даніі наконт правядзення чэмпіянату свету ў Мінску.
"Будзе складана, калі Даніі давядзецца адмовіцца ад чэмпіянату свету як адной краіне. Але я ўпэўнены, што ў чатырох паўночных краін вельмі падобныя погляды на тое, што адбываецца вакол ЧС у Мінску. І тады ІІХФ будзе больш складана застацца ў баку і не заўважыць таго, што адбываецца", — заяўляе Ларсен.
27 снежня з'явілася неафіцыйная інфармацыя, быццам чэмпіянат свету па хакеі будзе перанесены з Мінска. Пра гэта напісала швейарскае выданне Watson. Неўзабаве чакаецца візіт у Мінск кіраўніка ІІХФ Рэнэ Фазеля.
Аднак афіцыйнае рашэнне наконт месца правядзення чэмпіянату будзе прынятае напрыканцы студзеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.