Хакеісты мінскага "Дынама" выйгралі ў "Ёкерыта" — 1:0
2 верасня ў Хельсінкі на "Хартвал-Арэне" мясцовы "Ёкерыт" прымаў хакеістаў мінскага "Дынама" ў рамках рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі.
Дынамаўцы прыйшлі да гэтай сустрэчы пасля трох паразаў на старце сезону. Тым не менш сустрэча праходзіла ў вельмі ўпартай атмасферы. Першыя два перыяды скончыліся з нулявым вынікам. Трэці перыяд таксама праходзіў у такім ключы. І толькі на 56-й хвіліне Раян Веске змог забіць шайбу ў браму фінаў.
"Ёкерыт" змагаўся да апошняга. За 1 хвіліну 46 секундаў да фінальнай сірэны фіны нават знялі брамніка, але выраўняць лік так і не змаглі.
"Дынама-Мінск" здабыла першую перамогу ў чэмпіянаце КХЛ і атрымала тры ачкі.
Фота: ХК "Дынама-Мінск"