Іх норавы: Трамп зноў ідзе ў суд, а свет атрымлівае ліст ад Толкіна

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Нейкі сюррэалізм! І гэта мы не пра падзеi ў Беларусі, а пра тое, якім на гэтым тыдні было неба ў Нью-Ёрку. Як звычайна ў пятніцы, адцягнем вас ад чытання навін з Беларусі навінамі з усяго свету.

Няма часу чытаць? Слухайце на любой зручнай платформе.

 

Зноў суд

Дональда Трампа зноў хочуць бачыць у судзе. Экс-прэзідэнту ЗША выставілі новыя абвінавачанні, у тым ліку за "несанкцыянаванае захоўванне сакрэтных файлаў", піша ВВС.

Летась на курорце Трампа ў Флорыдзе правялі ператрус і канфіскавалі 11 тысяч дакументаў, у тым ліку каля 100 з пазнакай "Сакрэтна". Некаторыя з іх былі пазначаныя грыфам "Цалкам сакрэтна". А паводле закона захоўваць сакрэтныя дакументы ў не прызначаных для гэтага месцах нельга нават прэзідэнту.

У паведамленні на Truth Social Трамп заявіў, што ён невінаваты. 

"Гэта сапраўды чорны дзень для Злучаных Штатаў Амерыкі. Наша краіна знаходзіцца ў сур'ёзным і хуткім заняпадзе, але разам мы зноў зробім Амерыку вялікай!" — напісаў Трамп.

Гэтае аранжавае неба ў Нью-Ёрк прынёс вецер з Канады. У канадцаў — маштабныя лясныя пажары, а ў нью-ёркцаў — сюррэалістычныя фота ў Instagram. Лепш бы іх не было, бо дыхаць такім паветрам небяспечна.


Беражыце хобітаўскія натуры

Калі ў Джона Р.Р. Толкіна выйшаў "Уладар пярсцёнкаў", яму падабалася атрымліваць лісты ад чытачоў, і ён не лічыў адказы ім клопатам. Адной з чытачак была міс Ф. Л. Пэры. Цяпер яе ліст выстаўлены на аўкцыён, і з яго мы можам даведацца, з якім з створаных герояў сябе асацыяваў Толкін.

З хобітам! Ён піша, што найчасцей так цураецца людзей, што "марыў бы пра пустынныя краіны". Але тут жа прызнаецца, што сам ён нашмат больш баязлівы, чым яго жаданні, і не схільны да прыгодніцкіх авантур. Перспектыва страціць звыклую ежу (і тытунь!) яго не радуе.

"Гэта гучыць як дакладнае апісанне хобіта! Але я не магу прэтэндаваць на тое, каб быць ім", — кажа Толкін.

Пісьменнік, маўляў, не ўпэўнены, што ў выпадку неабходнасці змог бы праявіць сябе як круты хлопец. Зрэшты, не былі ўпэўненыя ў гэтым і створаныя ім хобіты.

Хобітаўскую натуру Толкін цаніў. Кажуць, у адным з лістоў сыну — той тады служыў у каралеўскіх ВПС — ён наўпрост пісаў: захоўвай у сэрцы сваю хобітаўскую натуру нават падчас вайны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі