Джэніфер Лоўрэнс стала прадусарам смелай дакументалкі пра афганскіх жанчын

Джэніфер Лоўрэнс / flickr, Gage Skidmore
Джэніфер Лоўрэнс / flickr, Gage Skidmore

Оскараносная акторка Джэніфер Лоўрэнс стала прадусарам дакументальнага фільма “Хлеб і ружы” пра жыццё афганскіх жанчын пры талібах, піша ВВС.

Рэжысёрам карціны стала Сахра Мані, рэжысёр-дакументаліст, сузаснавальніца незалежнай кабульскай прадусарскай кампаніі “Афганскі дом доктара”. Яна здымала гісторыі трох афганскіх жанчын на схаваную камеру ў першыя месяцы пасля захопу ўлады талібамі. Часам яна прасіла сваіх гераінь здымаць сябе на відэа самастойна.

“Гэты дакументальны фільм нарадзіўся з эмоцый і патрэбы. Маё сэрца забілася вельмі хутка, калі я ўбачыла, як гэтыя жанчыны кідаюць выклік талібам. Цяпер у іх няма волі ў сваёй краіне. І для іх важна атрымаць магчымасць задакументаваць сваю ўласную гісторыю па-свойму”, — расказвае Лоўрэнс.

Калісьці Сахра Мані выпусціла дакументальную карціну “Тысяча дзяўчын, падобных на мяне”. Карціна расказвае пра 23-гадовую афганскую кабету, якая выступае па нацыянальным тэлебачанні, каб расказаць, што стала ахвярай сэксуальнага гвалту — і выкрыць крыўдніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі