Інтэрнэт Wi-Fi у клубах і кавярнях будзе як прыбіральня

У ліпені ў сталічных гатэлях, кавярнях і вакзалах запрацуе новы стандарт Інтэрнэту. Еўрарадыё паспрабавала даведацца, каму давядзецца за яго плаціць — кавярням ці карыстальнікам.
Паведамленне аб тым, што адзіны ўладальнік ліцэнзіі на бяздротавы Інтэрнэт Wi-Fi — кампанія “Белтэлекам” усё ж уводзіць аплату за гэтую паслугу, стала непрыемнай нечаканасцю. Але, як даведалася Еўрарадыё, існуюць варыянты.

Ва ўсім свеце Wi-Fi даўно з’яўляецца часткай сучаснага мегаполіса. Гэты стандарт дазваляе далучацца да Інтэрнэту без выкарыстання дратоў. Сёння ў Мінску падключыць свой ноўтбук ці пэрсанальны камп’ютар можна бясплатна ў некалькіх кавярнях.

Аляксей Федарэнчык
, начальнік прэсавай службы кампаніі “Белтэлекам”, паведаміў Еўрарадыё, што для карыстання Wi-Fi давядзецца набываць картку аплаты.

“Тарыфікацыя будзе памегабайтная. Калі вы знаходзіцеся ў гатэлі, і ў вас ёсць картка доступу, вам неабходна ўвесці логін-пароль; плаціце толькі за трафік. Кошт паслугі Wi-Fi будзе не нашмат даражэйшы за тарыфы на ByFly — гандлёвую марку, пад якой прадаецца шырокапалосны доступ у Інтэрнэт”.

На гэты момант Wi-Fi ў Мінску працуе ў некалькіх кавярнях. Супрацоўнікі “Белтэлекаму” растлумачылі, што з ліпеня ці то самі кавярні будуць аплочваць трафік, ці то наведвальніку давядзецца па дарозе ў кавярню зазірнуць у шапік “Белсаюздруку”, каб набыць картку. Калі трафік аплочвае кавярня, то яна сама вырашае, будзе доступ у Інтэрнэт бясплатным для наведнікаў. Працягвае Аляксей Федарэнчык:

“Тыя месцы ў Мінску, у якіх зараз працуе бясплатны Wi-Fi, браць грошы не могуць, бо яны не маюць ліцэнзіі правайдэраў. Кропку Wi-Fi можа паставіць сабе хто захоча. Як ён будзе прадастаўляць доступ у Інтэрнэт: даваць нашыя карткі ці ўносіць у рахунак сваіх паслуг, — гэта ўжо асабістая справа кожнай кропкі”.

Каб зразумець, наколькі гэта будзе карысна для спажыўцоў, Еўрапейскае радыё звярнулася да Кірыла Валошына, генеральнага дырэктара партала Tut.by. Па яго словах, за мяжой кошты за Wi-Fi адразу ўключаюцца ў рахунак за абед ці за нумар у гатэлі:

“У гатэлях за мяжой — гэта ці нумар прэміюм-класа, дзе Wi-Fi сапраўды бясплатны, толькі грошы трэба за нумар іншыя плаціць, ці — асобная паслуга. Тое самае, калі гаварыць пра рэстарацыі і кавярні: пераважна гэта бясплатны доступ, але ад вас запатрабуюць, каб вы што-небудзь набылі.

Я, напрыклад, ужо ведаю, што студэнты прыходзяць у клуб “Ізюм”, набываюць сок і, папіваючы, “льюць” па Wi-Fi. Што тычыцца гатэляў, дык на мой погляд, гэта нязручна. Адно што, калі карткі будуць прадавацца і ў саміх гатэлях. Не пойдзе ж іншаземец па Мінску шукаць шапік “Белсаюздруку”, каб набыць картку!”

У клубе “Ізюм”, па словах адміністратара залы Таццяны, карыстальнікі бяздротавым Інтэрнэтам сапраўды робяць мінімальныя замовы ў меню:

“Карыстаюцца Інтэрнэтам з дапамогай Wi-Fi чалавек 10 на дзень. Калі прыходзяць, то гадзіны на дзве. Замаўляюць, звычайна, салат ці каву. Але ёсць сярод карыстальнікаў Інтэрнэтам і тыя, хто прыходзіць паесці. У цэлым, падзяляюцца 50\50. Калі ж мэтанакіравана, то замаўляюць толькі каву”.

У папулярнай сталічнай кавярні “Лондан”, дзе таксама працуе Wi-Fi, пагаджаюцца на бясплатную сувязь з Інтэрнэтам. Як гаворыць адміністратар Андрэй, для наведнікаў гэта будзе — як схадзіць у прыбіральню:

“Ёсць Wi-Fi, і ён абсалютна бясплатны. Гэта як схадзіць у прыбіральню, так і пакарыстацца Інтэрнэтам. З вас жа грошы не бяруць за карыстанне прыбіральняй у кавярнях?..”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі