Івулін затэлефанаваў Мукавозчыку і папрасіўся на працу ў "СБ"

Саша Філіпенка і Аляксандр Івулін / кадр з YouTube-канала "ЧестнОК"
Саша Філіпенка і Аляксандр Івулін / кадр з YouTube-канала "ЧестнОК"

Спартовы журналіст Аляксандр Івулін затэлефанаваў прапагандысту Андрэю Мукавозчыку і папрасіўся на працу ў газету "СБ. Беларусь сегодня". Відэа з гэтай размовай з'явілася на YouTube-канале "ЧестнОК".

Івулін прайграў заклад пісьменніку Сашу Філіпенку і вымушаны быў выканаць ягонае заданне. Журналіст датэлефанаваўся Мукавозчыку, сказаў, што той "заўсёды быў маральным арыенцірам, камертонам" для яго і спытаў, ці мае ён шанцы вярнуцца і ўладкавацца на працу ў галоўнае дзяржаўнае выданне.

Мукавозчык адказаў: "Шанцы ёсць заўсёды. Надзея памірае апошняй".

Ён удакладніў, ці запісваецца размова, і атрымаў станоўчы адказ.

Мукавозчык паведаміў, што "СБ" не настолькі адчувае патрэбу ў супрацоўніках, "каб вось проста браць чалавека з вуліцы ці, напрыклад, надта адчуваць патрэбу ў журналісце Івуліну".

Пры гэтым прапагандыст адзначыў, што яго суразмоўца мае талент: "Па-першае, я лічу, што таленту заўсёды можна знайсці неабходны ўжытак. Па-другое, для таго ўласна Богам і дадзеная маладосць, каб рабіць памылкі і на іх вучыцца. Я б хацеў з вамі паразмаўляць вочы ў вочы і зрабіць свае высновы, ці сапраўды вы нешта ўразумелі, нешта зразумелі за гэты час, ці не".

Івулін спытаўся, ці можа яго чакаць лёс Рамана Пратасевіча, які "ўсвядоміў, асэнсаваў, зразумеў". Аднак Мукавозчык яму запярэчыў: "Ён памілаваны нашым, маім вярхоўным галоўнакамандуючым. Абмяркоўваць загад вярхоўнага я не хачу, не буду. І гэта дакладна не ваш выпадак. Я не бачу пярэчанняў вашаму вяртанню. Я нават не бачу пярэчанняў вашай рабоце ў "СБ".

Калі ж Івулін згадаў пісьменніка Сашу Філіпенку, прапагандыст адразу заявіў: "З Сашам Філіпенкам — не. У мяне размова з ім была б іншай. Не такой, як з вамі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі