Кабякоў заўважыў "пазітыўную траекторыю" ў беларускай эканоміцы
У беларускай эканоміцы намецілася пазітыўная траекторыя, і яна захаваецца. З такой заявай на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі аб бягучай сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне выступіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў.
"Сёння можна ўжо казаць, што меры, якія прымаюцца, дазволілі пазбегнуць далейшага зніжэння тэмпаў эканамічнага росту. Пры гэтым мы ў поўным аб'ёме і ў вызначаныя тэрміны разлічыліся па нашых валютных абавязаннях", — перадае БЕЛТА словы кіраўніка ўрада. Тэмпы росту ВУП за 8 месяцаў гэтага года ў параўнанні са студзенем-ліпенем павялічыліся на 0,5% і склалі 96,5% да ўзроўню аналагічнага перыяду 2014 года.
Кабякоў зазначыў, што эканоміка ўступіла ў стадыю аднаўленчага росту. Праўда, ёй пашкодзіла рэзкая дэвальвацыя расійскага рубля ў жніўні. "Але ёсць падставы меркаваць, што пазітыўна акрэсленая траекторыя захаваецца", — заявіў прэм'ер. Так, у чэрвені-жніўні назіраўся прырост аб'ёмаў прамысловай вытворчасці — да студзеня-мая на 0,6%. У выніку за 8 месяцаў тэмп росту склаў 92,9%.
Як станоўчы прыклад кіраўнік урада заявіў, што зніжаюцца запасы гатовай прадукцыі на складах. Максімальны ўзровень запасаў быў зафіксаваны 1 сакавіка і складаў 87,5%. Да 1 верасня ён скараціўся на 16,5% — да 71%, ці амаль на 5 трлн рублёў. Год таму гэты паказчык складаў 78%, адзначыў прэм'ер-міністр.
Таксама Кабякоў заявіў, што ў Беларусі ўдалося спыніць рост беспрацоўя, выйсці на дадатнае сальда гандлю таварамі і паслугамі.
Фота: БЕЛТА