Калдун не едзе на Еўрабачанне, затое Памэла Андэрсэн завітае ў Мінск

У Дзень дурня Аляксандр Ціхановіч змог разыграць Філіпа Кіркорава, пры чым так, што спявак ледзь не трапіў у лякарню. 1 красавіка Аляксандр патэлефанаваў Філіпу і сумным голасам паведаміў, што Зміцер Калдун не зможа трапіць на Еўрабачанне. Па словах Кіркорава, гэта быў першы выпадак, калі ён паверыў у красавіцкі жарт. Беларускія сродкі масавай інфармацыі таксама знайшлі сваіх ахвяраў, нягледзячы на тое, што ў гэтым годзе свята трапіла на нядзелю.

Вельмі ўдала пажартавала інфармацыйнае агенцтва “Інтэрфакс”. Там 1 красавіка з’явіліся ажно два “падманныя” артыкулы. Першы – пра хуткі візіт у Беларусь Памэлы Андэрсэн… Але ж у гэта ніхто не паверыў, нягледзячы нават на “сур’ёзную” рэпутацыю “Інтэрфаксу”…

А вось другі жарт выклікаў сапраўдны фурор… Паводле яго, кітайская кампанія Briillianse у хуткім часе павінна была наладзіць вытворчасць лімузінаў у Беларусі! Шмат беларускіх інфармацыйных сайтаў “купіліся” на гэтую інфармацыю. Нават галоўны партал TUT.BY не заўважыў ашуканства.

Адзначыўся і сайт “Салідарнасць”. У Дзень дурняў на ім з’явіўся артыкул “Лукашэнка — у НХЛ!”. У ім змяшчалася нібы інтэрв’ю са старшынёй беларускай федэрацыі хакею Уладзімірам Навумавым, галоўнай тэмай якога стала ініцыятыва заявіць найлепшы айчынны клуб краіны ў Нацыянальную хакейную лігу.

Дарэчы, паводле матэрыяла, агучана гэтая заява была на прэс-канферэнцыі, якая адбылася 1 красавіка ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Распавядае намесніца рэдактара сайту “Салідарнасць” Алена Якжык:

“У нас падобны жарт быў 1 красавіка 2005 году пра Нацянальную бібліятэку. Тады мы пажартавалі, што ў Нацыянальнай бібліятэцы, якая тады яшчэ будвалася, будуць і рэстараны, і спартыўныя залы, і басейн, і нават хакейнае поле.

У прынцыпе, калі тады тэлефанавалі чытачы, яны казалі, што вось гэта жарт, але ў кожным жарце ёсць доля жарту.

А праз паўгады час паказаў, што шмат чаго напісанага ў тым матэрыяле здзейснілася. Там з’явіўся і рэстаран, і трэнажорная зала, і саўна… Таму рэакцыі на гэты матэрыял, які зараз у нас з’явіўся, я яшчэ не ведаю.

Чаму я ўзгадала пра той матэрыял? Таму што як бы жарт, але ў кожным жарце ёсць доля жарту”.


Цікавы жарт з’явіўся і на старонках штодзённай інтэрактыўнай газеты “Народныя навіны Віцебска”.

У ім была інфармацыя, што ў Віцебску для таго, каб вызначыць якой бялізне аддаюць перавагу віцебскія модніцы, у тратуарную плітку ўмантуюць лічбавыя фотакамеры. Распавядае аўтар артыкула Сяржук Серабро:

“Я думаю, што адсоткаў 30 паверылі, што гэта рэальна. Тым больш, што Віцебск — гэта горад у Беларусі, у якім, па статыстыцы, усталявана больш за ўсё камер назірання.

Так што для віцяблян гэта ўжо не дзіўна было, што з’явіліся камеры яшчэ і ў тратуарнай плітцы. Перш за ўсё рэакцыя была такой, што вельмі шмат людзей пачалі прыходзіць на наш сайт.

Потым у Жывым Журнале адзін чалавек схіляўся да думкі, што гэта можа быць выкарастана не для маркетынгавых даследаванняў, а для таго, каб гэтыя здымкі потым прадаць і выстаўляць у Інтэрнэце. Дарэчы, гэтым ён яшчэ больш разрэкламаваў гэты артыкул”.

А вось журналістам з Кувейта пашанцавала куды менш. Высветлілася, што гумар там не ўсе разумеюць… На іх збіраюцца завесці адміністрацыйную справу. Міністэрству інфармацыі не спадабаўся жарт, які прагучаў у тэлепраграме “Твой дом”.

У ім тэлежурналісты зрабілі заяву, што ўлады Эміратаў “прынялі рашэнне спісаць жыхарам усе запазычанасці па вяртанні крэдытаў”. Не дапамагло нават публічнае абвяржэнне гэтай інфармацыі, якое прагучала крыху пазней.