Калінкіна: У нашай сітуацыі журналісты бездапаможныя, як і ўсе грамадзяне
У дзень барацьбы з беспакаранасцю злачынстваў супраць журналістаў шэф-рэдактар “Народнай волі” Святлана Калінкіна расказала, як быць журналістам у Беларусі.
Еўрарадыё: Што такое быць журналістам у Беларусі?
Святлана Калінкіна: На мой погляд, журналіст - той, хто сам хоча ім быць, нягледзячы на тое, як складаюцца абставіны. І добрыя, і дрэнныя матэрыялы можна пісаць і з гарачых кропак, і з такіх краін, як наша. І можна ў выдатных умовах нічога таленавітага не стварыць.
Еўрарадыё: Ці варта абараняць беларускіх журналістаў і ад чаго?
Святлана Калінкіна: Я ўвогуле лічу, што беспакараных злачынстваў не павінна быць. Гэта тычыцца не толькі журналістаў але і звычайных грамадзян. А журналістаў у Беларусі трэба абараняць у тым сэнсе, што людзі павінны абараняць самі сябе. Кожны чалавек у нашай краіне – так і ў канстытуцыі запісана – мае права на дакладную інфармацыю без цэнзуры. Напады на журналістаў, ціск на журналістаў і тым больш злачынствы ў адносінах да журналістаў – гэта, па сутнасці, напад на асноўныя правы людзей. Мне здаецца што людзі абавязкова павінны бараніць самі сябе ў гэтым сэнсе.
Еўрарадыё: З якім парушэннем вашых правоў як журналісткі вы сутыкаліся ў Беларусі?
Святлана Калінкіна: З самымі рознымі – ад простай немагчымасці працаваць, калі закрывалі газеты, як напрыклад закрылі “Беларускую дзелавую газету” і дадатак “Для служебного пользования” і да прамых пагроз, ператрусаў, допытаў. Заўсёды, калі журналіст спрабуе даведацца і данесці людзям інфармацыю, якую нехта спрабуе схаваць, узнікаюць канфлікты. Проста ў нашай сітуацыі журналісты такія ж бездапаможныя, як і ўсе грамадзяне. Закон аб сродках масавай інфармацыі ў нас такі, што яго немагчыма выканаць, ён напісаны па вядомым прынцыпе: сябрам усё, ворагам закон. І незалежныя журналісты выступаюць ворагамі ўлады ў гэтым сэнсе.
Сутыкацца з парушэннямі даводзіцца часта, але ў нашых умовах да гэтага трэба ставіцца па-філасофску. Калі б раптам заўтра “Народнай волі” сказалі, што яна будзе працаваць на дзяржаўнай датацыі, павялічыцца тыраж і мы будзем працаваць у роўных умовах як “СБ” ці “Рэспубліка”, я, шчыра кажучы, з насцярогай да гэтага паставілася б. Журналіста павінны паважаць і цаніць людзі, для якіх ён працуе. А з уладай у журналіста заўсёды павінен быць канфлікт у любой краіне.