Католікі просяць кіраўніка МЗС дапамагчы з адкрыццём Чырвонага касцёла
Чырвоны касцёл у Мінску / Еўрарадыё, архіўнае фота
Прадстаўнікі касцёльнага камітэта парафіі святых Сымона і Алены звярнуліся да міністра замежных спраў Сяргея Алейніка. Яны просяць паспрыяць хутчэйшаму аднаўленню працы Чырвонага касцёла ў Мінску.
Яны нагадваюць, што касцёл апячаталі пасля ўзгарання. І цяпер больш за 10 тысяч парафіянаў пазбаўленыя свайго храма, а дзеці — магчымасці наведваць нядзельную школу.
"Вы доўгія гады прадстаўлялі Беларусь у Ватыкане і як ніхто іншы ведаеце духоўна-міратворчую накіраванасць дзейнасці Апостальскай сталіцы, якая ажыццяўляецца ва ўсіх храмах свету, так і ў касцёле святога Сымона і святой Алены, які вы і самі наведвалі", — пішуць вернікі.
Пажар у касцёле здарыўся 26 верасня. Паводле афіцыйных звестак, плошча пажару склала 20 квадратных метраў. Аднак пасля гэтага ўлады зачынілі касцёл пад нагодай рамонтных работ. Дамова з каталіцкай суполкай на арэнду будынка, які належыць дзяржаве, была скасаваная.
Парафіяне змагаюцца за магчымасць вярнуцца ў касцёл.
Парафія Чырвонага касцёла часова перамясцілася ў кафедральны касцёл Панны Марыі на плошчы Свабоды ў Мінску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.