КДБ прыбраў Пратасевіча і Сапега са "спісу тэрарыстаў"
КДБ / Еўрарадыё
Сафія Сапега і Раман Пратасевіч выключаныя з "тэрарыстычнага спісу", які вядзе КДБ. На гэта звярнула ўвагу расійскае інфармагенцтва Sputnik.
Абое яны былі асуджаныя, і абоіх сёлета памілаваў Аляксандр Лукашэнка.
Рамана Пратасевіча, які пайшоў на супрацу з уладамі, у траўні прызналі вінаватым паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх — заклікі да захопу ўлады і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем. Ён быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі, але праз некалькі дзён памілаваны.
Сафія Сапега была асуджаная на 6 гадоў калоніі па артыкулах аб распальванні варожасці і зборы інфармацыі аб прыватным жыцці. У чэрвені яе памілаваў Лукашэнка і перадаў у Расію.
Пратасевіча і Сапега захапілі ў траўні 2021 года, калі беларускія ўлады падманам пасадзілі самалёт кампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню. Факт паветранага пірацтва выклікаў самыя моцныя эканамічныя санкцыі з боку ЕС. Паветраная прастора над Беларуссю дагэтуль застаецца закрытай для еўрапейскіх самалётаў, а беларускім авіякампаніям не дазваляюць лятаць над краінамі ЕС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.