Кіраўнік Еўрасавета дапусціў выхад Польшчы з Еўрасаюза
Кіраўнік Еўрасавета Дональд Туск перасцярог, што Польшча можа выйсці з Еўрасаюза, калі перастане атрымліваць ад яго фінансаванне. Пра гэта піша РБК са спасылкай на The Telegraph.
Туск адзначыў, што для кіруючай у Польшчы партыі "Права і справядлівасць" (PiS) знаходжанне ў Еўрасаюзе зводзіцца да атрымання фінансаў. Пры гэтым польскія ўлады ігнаруюць іншыя магчымасці, кшталту агульнага рынку, правапарадку і гарантаванай бяспекі.
"Я лёгка магу ўявіць сабе сітуацыю, калі аднойчы Польшча апынецца сярод укладчыкаў (у ЕС. — РБК), і тады польскі ўрад вырашыць, што прыйшоў час спытаць палякаў, ці жадаюць яны бачыць Польшчу ў ЕС", — выказаў сваё меркаванне старшыня Еўрасавета. Ён прадказаў, што ў такім разе польскія ўлады пастараюцца выйсці з Еўрасаюза.
Напрыканцы снежня Еўракамісія заявіла, што ў Польшчы ёсць рызыка сур'ёзнага парушэння прынцыпу вяршэнства права. У сувязі з гэтым ЕК папрасіла Савет Еўрасаюза пазбавіць Польшчу права голасу. Улады ЕС звярнулі ўвагу, што з 2015 года ў Польшчы былі прынятыя 13 законаў, якія паўплывалі на ўсе структуры судовай сістэмы краіны. Варшаве далі тры месяцы на ліквідацыю парушэнняў, у адваротным выпадку ЕК мае права прапанаваць Савету ЕС увесці санкцыі супраць Польшчы.
У той жа дзень прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў два законы пра перагляд судовай сістэмы, нягледзячы на пагрозы санкцыяў ад ЕК. Паводле рэформы Вярхоўнага суда Польшчы, суддзі-мужчыны ва ўзросце 65 гадоў і суддзі-жанчыны ва ўзросце 60 гадоў мусяць сысці ў адстаўку. Такім чынам, сваіх пасадаў пазбавяцца каля 40% суддзяў Вярхоўнага суда.