Кіраўнік МУС расказаў, хто можа трапіць сёлета пад амністыю
Іван Кубракоў
Пытанне амністыі разглядалася сёння на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі. Яе плануецца прымеркаваць да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Лукашэнка ў цэлым падтрымаў прапановы па амністыі, распрацаваныя Міністэрствам унутраных спраў, кажа кіраўнік ведамства Іван Кубракоў.
"Аднак пастаўленая задача прапрацаваць канкрэтна па кожнай прапанове. Асаблівая ўвага была звернутая на непаўналетніх дзяцей, якія былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці", — цытуе БЕЛТА словы міністра. Таксама была звернутая ўвага на жанчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей, і шматдзетных маці.
Канкрэтныя тэрміны амністыі на нарадзе не абмяркоўваліся. Але, на думку Кубракова, законапраект у Палату прадстаўнікоў могуць падаць і да "выбараў", прызначаных на люты.
Кіраўнік МУС дадаў, што прапануецца ўжыць амністыю да наступных катэгорый:
1) безумоўнае вызваленне ад пакарання і спыненне папярэдняга расследавання па крымінальных справах для асоб, якія ўчынілі злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі або якія адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх, наступнай катэгорыі асоб:
— непаўналетнія;
— цяжарныя жанчыны;
— жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў;
— пенсіянеры, інваліды 1-й і 2-й групы;
— хворыя на актыўную форму туберкулёзу, хворыя на анкалагічныя захворванні, ВІЧ-інфіцыраваныя;
— ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў;
— грамадзяне, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС;
— асобы льготнай катэгорыі;
2) вызваленне асоб, што ўчынілі злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі;
3) вызваленне асоб, што ўчынілі злачынствы з катэгорыі менш цяжкіх, якім прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі, пазбаўлення волі, якія адбылі на дзень ўступлення ў сілу закона не менш за адну чвэрць пакарання;
4) вызваленне ад пакарання ў выглядзе арышту;
5) вызваленне ад пакарання часткова тэрмінам на 1 год асоб, якія не ўваходзяць у льготную катэгорыю грамадзян і якія здзейснілі цяжкія злачынствы, а таксама асуджаных да пазбаўлення волі цяжарных жанчын і жанчын, якія маюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў, якім суд адтэрмінаваў адбыццё пакарання;
6) вызваленне ад неадбытай часткі пакарання асоб, якія не ўваходзяць у ільготную катэгорыю і ўчынілі цяжкія злачынствы, у якіх на дзень разгляду матэрыялаў аб прымяненні амністыі да заканчэння тэрміну пакарання застаецца менш за 1 год.
Скараціць на 1 год тэрмін пакарання прапануецца наступным катэгорыям асоб:
— непаўналетнім да 18 гадоў за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў і псіхатропных рэчываў;
— карупцыянерам.
Пад папярэднюю амністыю, абвешчаную напрыканцы 2022 года, не трапіў амаль ніхто з людзей, асуджаных па палітычных матывах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.