Кіраўніком дыверсантаў у Славянску выявіўся афіцэр расійскага спецназу
Пра гэта заяўляе Служба бяспекі Украіны.
Як паведамляе УНІАН са спасылкай на прэс-цэнтр СБУ, гэта грамадзянін Расіі, афіцэр спецназу ГРУ Генштаба Узброеных сіл Расіі Ігар Стралкоў.
Менавіта яго голас гучыць на запісе тэлефоннай размовы з маскоўскім куратарам, апублікаваным у СМІ 14 красавіка. Там Стралкоў дае справаздачу пра тэрор у Славянску і расстрэл аўтамабіля з украінскімі праваахоўнікамі.
Падчас аператыўна-следчых дзеянняў дыверсанты, затрыманыя раней супрацоўнікамі СБУ, указалі на Стралкова як чалавека, які прыцягваў іх і ставіў задачу захопліваць адміністратыўныя будынкі ў Харкаве.
СБУ таксама паведамляе, што Стралкоў на пачатку сакавіка прыбыў у Крым і каардынаваў захоп украінскіх вайсковых часцей, мясцовых органаў улады, выкраданне вайскоўцаў і грамадскіх актывістаў.
Фота — Reuters