Кіраўнікоў мінскай турфірмы будуць судзіць за "арганізацыю незаконнай міграцыі"

Мігранты ў Мінску

Мігранты ў Мінску / Белсат

Пракуратура Мінска накіравала ў суд справу супраць васьмі чалавек. Іх вінавацяць у арганізацыі незаконнай міграцыі, здзейсненай групай асоб па папярэдняй змове, а таксама службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў.

Паведамляецца, што абвінавачаным ад 23 да 42 гадоў. Пад вартай перабываюць толькі чацвёра з іх.

Як заяўляе следства, тры кіраўнікі туркампаніі стварылі злачынную групу, у якую агулам увайшлі восем чалавек. Яны дапамагалі замежнікам атрымаць беларускія візы, дапамагалі ім прыехаць у Беларусь, а потым арганізоўвалі незаконны пераход беларускай мяжы.

За свае паслугі абвінавачаныя атрымлівалі ад 4,5 тысячы да 36,3 тысячы долараў.

Мігранцкі крызіс на межах Беларусі і краін ЕС разгарэўся ў другой палове 2021 года. Заходнія краіны абвінавацілі афіцыйны Мінск у штучным утварэнні гэтага крызісу і назвалі яго формай гібрыднай вайны. Польскія памежнікі неаднаразова давалі сведчанні, як беларускія вайскоўцы ў форме дапамагаюць нелегальным мігрантам перайсці мяжу.

Аднак здараліся і выпадкі, калі беларуская міліцыя затрымлівала нелегальных мігрантаў — напрыклад, у Калодзішчах пад Мінскам.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі