Латушка прапануе польскім уладам закрыць чыгуначныя пераходы на мяжы з РБ

Чыгунка

Чыгунка / pixabay.com

У адказ на смерць польскага вайскоўца "можна было б вельмі жорстка паставіць пытанне — закрыць чыгуначныя памежныя пераходы". Так лічыць кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Ён агучыў гэтую ідэю 6 чэрвеня на сустрэчы з беларускай дыяспарай у Любліне, расказвае агенцтва "Позірк".

Латушка расказаў, што раней ён ужо выступаў з такой прапановай, калі размаўляў з прадстаўнікам Літвы і Польшчы. Але падтрымкі не знайшоў. "Мне сказаў адзін высокапастаўлены чыноўнік: "Можа, гэта выглядае і правільна. Можа, на словах гэта проста. Але з пункту гледжання рэалізацыі гэта вельмі складана", — адзначыў Латушка. Сам бы ён, з ягоных слоў, закрыў бы чыгуначныя пераходы і, такім чынам, "даў выразны адказ". Наступствам для Мінска стала б незадаволенасць Кітая, які выкарыстоўвае шлях праз Беларусь для транзіту тавараў. У выпадку пагрозы страціць гэты шлях Пекін мог бы націснуць на Лукашэнку, лічыць Латушка.

Адзначым, што летась кантэйнерныя перавозкі з Кітая ў Беларусь выраслі больш чым у паўтара разу. Пра гэта пісаў Sputnik са спасылкай на Далёкаўсходняе марское параходства. Прыярытэтным у кантэйнерных перавозках называе кітайскі кірунак і Беларуская чыгунка.

Пра смерць вайскоўца 1-й танкавай брыгады, які быў паранены на мяжы з Беларуссю 28 траўня, стала вядома напярэдадні. Салдата ўдарыў нажом, прывязаным да палкі, мігрант, які спрабаваў незаконна перасекчы мяжу. Польшча на фоне гэтых падзей скіравала на мяжу дадатковыя сілы. Прэм'ер-міністр краіны Дональд Туск заявіў пра планы аднавіць 200-метровую буферную зону ля мяжы з Беларуссю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі