Польскае МЗС выказалася пра магчымасць адкрыцця Баброўнікаў
МЗС Польшчы
Беларусь застаецца ў спісе краін, наведванне якіх для палякаў вельмі непажаданае, сказалі ў МЗС польскаму медыя Polskie Radio24. Пераглядаць гэтую рэкамендацыю ведамства не плануе.
Напярэдадні абмяркоўвалася магчымасць адкрыцця памежнага пераходу на польска-беларускай мяжы ў раёне Баброўнікаў. Пра гэта 24 траўня казаў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск. Аднак ён адзначаў, што прыслухаецца да меркавання Памежнай службы і войска. І ўжо ў чэрвені кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі заявіў, што цяперашняя сітуацыя ў адносінах з Мінскам не дазваляе зноў адкрыць пераход.
"Цяперашні ўзровень перасцярог супраць паездак у Беларусь (максімальна магчымы) з'яўляецца прымальным і мы не бачым неабходнасці яго мяняць. Карыстаючыся выпадкам, просім паставіцца да яго вельмі сур'ёзна", — сказалі ў МЗС.
Журналісты польскага медыя таксама пацікавіліся, ці можа рашэнне пра адкрыццё пераходу ў Баброўніках быць выкарыстанае ў перамовах з Мінскам наконт вызвалення палітзняволенага грамадзяніна Польшчы Анджэя Пачобута. У МЗС запэўнілі, што Варшава пастаянна робіць крокі па вызваленні польскага актывіста і журналіста.
"Польшча заклікае ўлады Беларусі спыніць далейшыя рэпрэсіі і зняць абвінавачанні з усіх палітвязняў", — сказалі ў МЗС.
Журналісты таксама задалі пытанне наконт магчымасці павелічэння польскіх дыпмісій у Беларусі. У МЗС сказалі, што гэта будзе залежаць "ад змены недружалюбнай палітыкі беларускіх уладаў у дачыненні да Польшчы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.