Беларуса затрымалі ў Варшаве — яго падазраюць у падпалах
Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы
Грамадзяніна Беларусь затрымалі ў польскай сталіцы. Яго падазраюць у спробе падпалу аб'екта ў Гданьску, піша польскі тэлеканал TVP.
"Гэта чарговы арышт у межах расследавання дзейнасці арганізаванай злачыннай групы, якая на заказ замежных спецслужбаў здзяйсняла дыверсіі, у прыватнасці падпалы", — гаворыцца ў паведамленні Агенцтва ўнутранай бяспекі.
У затрыманага беларуса канфіскавалі прадметы, якія, паводле прадстаўніка агенцтва, маглі быць выкарыстаныя для дыверсій.
Падазраванага беларуса арыштавалі на тры месяцы. Пракуратура выставіла яму абвінавачанні па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: удзел у арганізаванай злачыннай групе міжнароднага характару і здзяйсненне дыверсій і дыверсій тэрарыстычнага характару на заказ замежнай разведкі. Яму можа пагражаць пажыццёвае зняволенне.
У студзені і траўні гэтага года Агенцтва ўнутранай бяспекі затрымала грамадзян Беларусі, Польшчы і Украіны, якія, як мяркуецца, нясуць адказнасць за падпалы ў Гданьску, Гдыні і Марку. Іх падазраюць таксама ў падрыхтоўцы падпалу будынкаў у Вроцлаве.
Паводле інфармацыі крыніц BYPOL, беларусаў і паляка расійскія спецслужбы выкарыстоўвалі "ўцёмную" — за грошы ім замаўлялі выкананне на тэрыторыі Польшчы акцый, за здзяйсненне якіх пагражае крымінальная адказнасць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.