ЛДПБ заклікала адмовіцца ад будаўніцтва бізнэс-цэнтру ў Курапатах

ЛДПБ заклікала адмовіцца ад будаўніцтва бізнэс-цэнтру ў Курапатах

Намеснік кіраўніка Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч на сваёй старонцы ў Фэйсбуку змясціў пазіцыю арганізацыі адносна будаўніцтва ў Курапатах.

“Сітуацыя вакол супраціву забудоўшчыкам каля ўрочышча Курапаты выйшла за межы інтарэсаў групы людзей. І тут паўтараецца сітуацыя, пра якую мы гаворым не раз, і не два! Улады зноў праспалі народны пратэст, на гэты раз гаворым пра Мінгарвыканкам. А з Курапатамі вельмі зразумелая сітуацыя”, — напісаў Гайдукевіч-малодшы.

Паводле яго словаў, урочышча даўно вядомае сваімі пахаваннямі і не варта разбірацца, хто менавіта ляжыць у гэтай зямлі. У сувязі з гэтым ЛДБП патрабуе расследавання кампетэнтных дзяржорганаў, якім чынам быў атрыманы дазвол на будаўніцтва “каля месца, дзе ляжыць прах тысяч, калі не дзясяткаў тысяч”.

“У нас што, месца ў Мінску мала? — абураецца Алег Гайдукевіч. —  ЛДПБ патрабуе спыніць будоўлю і стварыць мемарыял, там жа арганізаваць музей памяці рэпрэсаваных. Мы — еўрапейская краіна і павінны увекавечыць памяць загінулых у цывілізаваным фармаце. Ліберальна-дэмакратычная партыя настойвае: будаўніцтва павінна быць неадкладна замарожанае, Мінгарвыканкам павінен правесці вывучэнне пытання, як і на падставе чаго з'явіўся дазвол на будаўніцтва ў гэтым месцы. Беларусь пацярпела ад рэпрэсій больш за многія іншыя рэспублікі. Дык давайце жыць і ставіцца да сумных старонак нашай гісторыі па-людску”.

ЛДБП ужо другі раз займае крытычную пазіцыю што да дзеянняў улады. Тыдзень таму партыя выступіла з заявай, у якой патрабавала адмяніць гэтак званы “дэкрэт аб дармаедах”.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі