Літва просіць суд у Гаазе ацаніць ролю Беларусі ў ваенных злачынствах ва Украіне
Габрыэлюс Ландсбергіс / lrt.lt
Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс даслаў ліст пракурору Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) Карыму Ахмад Хану наконт Беларусі. Ландсбергіс лічыць неабходным ацаніць ролю мінскага рэжыму ў дапамозе Расіі і прыцягнуць да адказнасці за ваенныя злачынствы супраць Украіны, паведамляе прэс-служба МЗС Літвы.
Ён згадаў, што МКС выдаў ордары на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю дзяцей з украінскіх тэрыторый, акупаваных Расіяй. "Бесчалавечныя маштабы гэтых злачынстваў патрабуюць прыцягнуць да адказнасці іншых асоб, якія дапамагаюць і падбухторваюць да ваенных злачынстваў Расіі", — гаворыцца ў лісце.
Таксама кіраўнік МЗС Літвы перадаў пракурору МКС падрабязную інфармацыю, сабраную Святланай Ціханоўскай, пра датычнасць беларускай палітычнай эліты і дзяржпрадпрыемстваў да перамяшчэння дзяцей з Украіны на тэрыторыю Беларусі.
Раней ПАСЕ прызнала Аляксандра Лукашэнку датычным да выкрадання ўкраінскіх дзяцей. А кіраўнік НАУ Павел Латушка перадаў Генпракуратуры Украіны дасье на 12 украінскіх дзяцей-сіротаў, вывезеных у Беларусь з акупаваных Расіяй тэрыторый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.