Лукашэнка аб'яднаў гродзенскі і брэсцкі "бязвізы" ў адзін
Аляксандр Лукашэнка сваім указам №300 "Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян" пашырыў межы бявізавай зоны на захадзе Беларусі. Пра гэта інфармуе TUT.by са спасылкай на прэс-службу кіраўніка дзяржавы.
Ранейшыя дзве бязвізавыя зоны у Брэсце і Гродне аб'ядноўваюцца ў адну бязвізавую тэрыторыю "Брэст — Гродна". У яе дадаюцца яшчэ пяць раёнаў Гродзенскай вобласці: Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Лідскі і Шчучынскі.
Грамадзяне 73 краінаў змогуць знаходзіцца без візы на гэтай тэрыторыі да 15 сутак. Акрамя таго, яны змогуць трапіць у бязвізавую зону праз два дадатковыя пункты пропуску на дзяржаўнай мяжы — "Беняконі" і "Бераставіца".
Замежнікі змогуць ездзіць без візаў па ўсёй тэрыторыі заходніх абласцей у складзе арганізаваных турыстычных груп па маршрутах, якія прадугледжваюць наведванне бязвізавай тэрыторыі "Брэст — Гродна".
Указ набывае моц праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання.
Пры гэтым бязвізавы парадак уезду ў Беларусь захоўваецца для грамадзян шэрагу дзяржаў праз Нацыянальны аэрапорт Мінск. Яны могуць заставацца ў нашай краіне да 30 сутак.