Лукашэнка пахваліў БАТЭ і пакрытыкаваў футбольную зборную (відэа)
У чацвер кіраўнік дзяржавы сустрэўся з кіраўніком Беларускай федэрацыі футбола, старшынёй праўлення Банка развіцця Сяргеем Румасам.
"Калі шчыра гаварыць, акрамя апошняй гульні БАТЭ, няма на што глядзець і чаму радавацца, асабліва зборнай, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — ...Трэба сур'ёзную ўвагу звярнуць на нашу нацыянальную зборную, таму што гэта вельмі кепскі сігнал як для кіраўніка федэрацыі, так і для федэрацыі ўвогуле".
Як вядома, нацыянальная зборная пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева стартавала ў адборы на Еўра-2016 з гасцявой нічыі 1:1 са зборнай Люксембурга. БАТЭ ж пасля разгрому ў Партугаліі ад "Порту", рэабілітаваўся на "Барысаў-Арэне", дзе перамог "Атлетык" — 2:1.
"Што датычыць апошняй гульні БАТЭ, то тут таксама асабліва спадзявацца няма на што. Малайцы, хоць класам калі саступаюць, так перабегалі і не далі магчымасці гуляць іспанцам. Але вынік ёсць", — сказаў Лукашэнка.
Фота — ria.ru