Лукашэнка патлумачыў фразу пра "бабло, мерсэдэсы і цёлак"
Аляксандр Лукашэнка патлумачыў фразу пра "бабло, мерсэдэсы і цёлак", якую запісаў чыноўнік на нядаўняй нарадзе ў Нацыянальным алімпійскім камітэце, прысвечанай развіццю летніх відаў спорту. У відэасюжэце АНТ удалося прачытаць некалькі слоў. Пасля высветлілася, што запісы рабіў былы віцэ-прэм’ер і амбасадар у Літве, а цяпер старшыня Беларускай федэрацыі гольфа Уладзімір Дражын.
Лукашэнка на сённяшняй нарадзе з "актывам Мінска" сцвярджаў, што ён проста даслоўна пераказваў фразы спартсменаў. Гэта мысленне ў іх такое, дадаў ён.
"У іх адна размова, я даслоўна прывёў іх фразы: бабло, мерсэдэсы і ззаду "цёлкі", — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — Выбачайце, жанчыны, што я так паўтарыў, проста да слова. Гэта мысленне нашых спартсменаў. Так працуйце — ідзіце бегайце з клюшкай ці з мячом, давайце вынік. Вось да чаго гэта было. А тут атрымалася, што я задачу такую паставіў перад спартоўцамі".
Аляксандр Лукашэнка з крыўдай сказаў, што пасля гэтага выказвання пра "цёлак" "некаторыя там кароваў намалявалі ў Расіі".