Лукашэнка прызнае кадравыя праблемы: медыкі з'язджаюць за мяжу
Беларусы па-ранейшаму бягуць з РБ за мяжу / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Аляксандр Лукашэнка прызнае кадравыя праблемы: медыкі з'язджаюць за мяжу. І, відаць, найлепшыя. Бо ў тых лекараў, што засталіся, выявілі "недастатковы ўзровень падрыхтоўкі і прафесіяналізму". Гэта прагучала ў аўторак на нарадзе "па актуальных пытаннях аховы здароўя".
"Неяк гэта не адпавядае з запатрабаванасцю нашых спецыялістаў не толькі ў Расіі, але і ў Еўропе, — цытуе словы Лукашэнкі sb.by. — Акрамя таго, у апошнія гады мы інтэнсіўна навучаем лекараў раённага звяна высокім тэхналогіям. Каму вы акуляры ўціраеце?.. Прашу далажыць, што не так з кваліфікацыяй. У чым прычыны, дзе недапрацоўваюць медуніверсітэты?".
Акрамя зніжэння якасці аказання меддапамогі, была агучана іншая праблема — адсутнасць належнага парадку ва ўстановах аховы здароўя ў краіне. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка атрымаў справаздачу ад экспертаў і кантралёраў, якія "аб'ехалі ўсю Беларусь".
"Да гэтага часу ёсць абуральныя праблемы бардака ў бальніцах, паліклініках, ФАПах: сцены і столі руйнуюцца, дзверы пакасіліся, элементарныя санітарныя правілы не выконваюцца, — гаварыў Лукашэнка. — ...Як вы збіраецеся ўтрымліваць спецыялістаў на месцах, калі там не створаны нармальныя ўмовы для пацыентаў і для медыкаў? Адсюль і кадравыя праблемы: нібыта рыхтуем дастаткова лекараў і медсясцёр, а ў раёнах не затрымліваюцца нават мэтавікі. Шукаюць сабе месца ў сталіцы ці, што яшчэ горш, за мяжой. Разбярыцеся з мэтавікамі. Разбярыцеся, каго вы туды набіраеце... І ніякіх адгаворак пасля таго, як адвучыўся. Ты павінен пяць гадоў там адпрацаваць. Замуж, яшчэ кудысьці там... гэта не прымаецца. Пяць гадоў ідзі адпрацуй. Мы трацім каласальныя грошы на падрыхтоўку медыкаў. Ні ў адной сферы такіх выдаткаў няма, а ў нас усё вольніца".
Медыкі актыўна з'язджаюць за мяжу пасля падзей 2020-га, калі распачаліся рэпрэсіі. За краты па-ранейшаму працягваюць кідаць лекараў цэлымі групамі, як нядаўна адбылося ў Наваполацку. А пасля гэтага чыноўнікі і сам Аляксандр Лукашэнка здзіўляюцца, што не хапае медпрацаўнікоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.