Лукашэнка прызнаў, што пратэстоўца Тарайкоўскага застрэлілі сілавікі
Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю расійскаму прапагандысту Уладзіміру Салаўёву прызнаў, што пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага позна ўвечары 10 жніўня 2020-га застрэлілі сілавікі.
"Як ён загінуў? — гаворыць Лукашэнка. — Ён падхапіў гранату светлашумавую... Ён падхапіў і замахнуўся кінуць яе назад, а ў амапаўцаў рэакцыя якая?! Якая там граната, там жа не разгледзіш, тым больш гэта было ноччу. Яны ўбачылі і адразу на паражэнне [стралялі]... Здаецца, стралялі не баявымі, турэцкія гумавыя кулі былі, яны вельмі жорсткія. І трапілі ў яго. Вось так ён загінуў".
Таксама Аляксандр Лукашэнка заявіў, што падчас масавых вулічных акцый пратэстоўцы "ніколі не выкарыстоўвалі зброю".
34-гадовы індывідуальны прадпрымальнік Тарайкоўскі ў жніўні 2020 года ўдзельнічаў у Мінску ў пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Яго застрэлілі на другі дзень актыўнага супрацьстаяння сілавікоў і пратэстоўцаў каля станцыі метро "Пушкінская". МУС адразу ж заявіла, што ў руках мужчыны быццам узарвалася выбуховае прыстасаванне. Аднак пасля з'явіліся шматлікія відэа, якія абверглі гэтыя словы (як абвяргаюць і версію Лукашэнкі). На іх бачна, што Аляксандр Тарайкоўскі з пустымі паднятымі рукамі стаяў насупраць шэрагу сілавікоў. У яго стрэлілі і ён упаў.
Аляксандр Лукашэнка кажа, што стралялі "амапаўцы". Аднак распаўсюджана версія, што стралялі байцы аднаго з спецпадраздзяленняў. Старшыня Следчага камітэта (ужо былы) Іван Наскевіч прызнаў, што ў Тарайкоўскага стралялі сілавікі, толькі ў лютым 2021 года. СК крымінальную справу па факце гібелі так і не пачаў. Следства вырашыла, што байцы дзейнічалі ў адпаведнасці з законам і ў тых умовах "мелі права выкарыстоўваць несмяротную зброю для прадухілення больш цяжкіх наступстваў".
У жніўні 2020-га каля станцыі метро "Пушкінская" ўтварыўся народны мемарыял Аляксандра Тарайкоўскага. Аднак улады яго знішчылі і караюць усіх, хто там ускладае кветкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.