Следчы камітэт адмовіўся пачынаць крымінальную справу за гібель Тарайкоўскага
Следчы камітэт не будзе пачынаць крымінальную справу па факце гібелі Аляксандра Тарайкоўскага. Пра гэта старшыня СК Іван Наскевіч заявіў у каментары дзяржаўнаму інфармагенцтву БЕЛТА па выніках праверкі, праведзенай яго ведамствам.
Тарайкоўскі загінуў уначы 10 жніўня каля станцыі метро "Пушкінская", дзе пратэстоўцы спрабавалі ставіць барыкады, а сілавікі разганялі іх.
Паводле версіі СК, прыкладна ў 23 гадзіны Тарайкоўскі аддзяліўся ад натоўпу пратэстоўцаў і пайшоў у бок сілавікоў. Наскевіч заяўляе, што Тарайкоўскі быў моцна п'яны і ігнараваў шматлікія папярэджанні сілавікоў.
"Сваімі дзеяннямі Тарайкоўскі правакаваў праваахоўнікаў, яны не ведалі яго сапраўдныя матывы і мэты яго дзеянняў, а з улікам аператыўнай інфармацыі аб магчымых тэрактах, наяўнасці ў пратэстоўцаў выбуховых рэчываў, зброі ўспрымалі яго як рэальную пагрозу жыццю і здароўю як супрацоўнікаў, так і саміх пратэстоўцаў", — заявіў старшыня СК.
Па словах Наскевіча, сілавікі дзейнічалі ў рамках сваёй кампетэнцыі і выкарысталі супраць Тарайкоўскага несмяротную зброю з бяспечнай адлегласці. "У сілу збегу шэрагу трагічных абставінаў адно з раненняў аказалася пранікальным, у выніку якога смерць Тарайкоўскага наступіла на месцы здарэння", — дадаў ён.
Следства вырашыла, што сілавікі дзейнічалі ў адпаведнасці з законам і ў тых умовах "мелі права выкарыстоўваць несмяротную зброю для прадухілення больш цяжкіх наступстваў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.