Звольнілі траіх акцёраў тэатра беларускай драматургіі, якіх раней затрымлівалі
Максім Брагінец, Арцём Курэнь і Зміцер Давідовіч
Звольнілі траіх акцёраў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, якіх раней затрымлівалі. Гэта — Максім Брагінец, Арцём Курэнь і Зміцер Давідовіч, піша "Наша ніва" са спасылкай на свае крыніцы. На іх трымалася значная частка самых касавых і папулярных у гледачоў спектакляў, адзначае выданне. Замяніць акцёраў няма кім. У тэатры працягваюцца вымушаныя змены ў рэпертуары.
Пра затрыманне траіх чалавек з РТБД стала вядома 19 кастрычніка. Затрымлівалі акцёраў амаль адначасова ў розных месцах. Суд прызнаў іх вінаватымі ў "дробным хуліганстве" і адправіў пад адміністрацыйны арышт. 30 кастрычніка стала вядома, што акцёры выйшлі на волю.
Сёлета ў РТБД з'явілася новая дырэктарка. Месца звольненай Святланы Карукінай заняла Святлана Навуменка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.