Справа аб агідным абыходжанні з народам і "шпіён" ЗША ў турме Расіі — #Іх норавы

На калажы — журналіст The Wall Street Journal Эван Гершковіч. Ён знаходзіцца ў расійскай турме

На калажы — журналіст The Wall Street Journal Эван Гершковіч. Ён знаходзіцца ў расійскай турме / @rubanau_collage

Людзей катуюць і забіваюць уласныя ўлады. Гучыць знаёма? Гэта адбываецца ў Сірыі. А Канада і Нідэрланды просяць Міжнародны суд ААН выратаваць сірыйцаў, якія пакутуюць на радзіме. Тым часам у расійскай турме па абвінавачанні ў шпіянажы застаецца журналіст ЗША.

Што яшчэ адбываецца ў свеце? Расказваем у кароткім аглядзе Еўрарадыё.

 

Агіднае абыходжанне з народам

Міжнародны суд (ICJ) просяць тэрмінова вынесці рашэнне супраць сірыйскага рэжыму за "агіднае абыходжанне" са сваім народам. Сірыя падвергла катаванням дзясяткі тысяч людзей і захоўвае "шырока распаўсюджаную і паўсюдную" сістэму "агіднага абыходжання". Пра гэта заявілі суддзі падчас першага разбіральніцтва, звязанага з грамадзянскай вайной у Сірыі.

Канада і Нідэрланды звярнуліся ў Міжнародны суд з патрабаваннем прыняць тэрміновыя меры для спынення жорсткага абыходжання з людзьмі.

Дело об отвратном обращении с народом и “шпион” США в тюрьме России — #Их нравы
Людзі ля будынка Міжнароднага суда ў Гаазе з фотаздымкамі "зніклых" у Сірыі / Peter Dejong/AP

"Кожны дзень мае значэнне, — заявіў у судзе прадстаўнік Нідэрландаў Рэнэ Лефебер. — Людзі ў Сірыі, якія цяпер знаходзяцца пад вартай або рызыкуюць быць затрыманымі, не могуць дазволіць сабе больш чакаць".

Прадстаўнікоў Сірыі не было на першым дні слуханняў. Раней улады краіны назвалі абвінавачанні "дэзінфармацыяй і хлуснёй".

Лефебер прывёў некаторыя паказанні зняволеных. Ён расказаў пра групавыя згвалтаванні, аперацыях, якія калечаць, і "стандартны" метад пакарання — зацісканне людзей у аўтамабільнай шыне і збіццё.

Канада і Нідэрланды просяць Міжнародны суд тэрмінова запатрабаваць ад Сірыі спыніць катаванні, затрыманні, адкрыць турмы для замежных інспектараў і даць сем'ям інфармацыю пра лёс іх блізкіх.

Справа можа разглядацца яшчэ гады, але рашэнне наконт тэрміновых часовых мераў можа быць прынятае цягам некалькіх тыдняў. Яно мае абавязковую юрыдычную сілу.

Актывіст і былы сірыйскі зняволены Ахмад Хельмі кажа:

— Я прабыў у турме ў Сірыі тры гады і дакладна ведаю, што катаванні ўжываюцца кругласутачна. Гэта адбываецца штогадзіны. Сотні людзей паміраюць пад катаваннямі кожны месяц.

 

Больш казахскага ў Казахстане!

У Казахстане рыхтуюць праект закона аб СМІ, які замацоўвае шырэйшае выкарыстанне казахскай мовы ў параўнанні з рускай.

— Праект закона аб СМІ прадугледжвае павелічэнне долі дзяржаўнай мовы на тэлебачанні і радыё з 50% да 70%, — заявіла міністр культуры Казахстана Аіда Балаева. — Гэты пераход будзе адбывацца з тэмпам 5% у год пачынаючы з 2025 года.

У пачатку 2023 года падобны закон прыняў Кыргызстан. Згодна са змяненнямі, дзяржслужбоўцы там павінныя свабодна валодаць кыргызскай мовай, а сродкі масавай інфармацыі — выпускаць 60% матэрыялаў на мясцовай мове.

 

Амерыканскі журналіст застаецца ў расійскай турме

Дело об отвратном обращении с народом и “шпион” США в тюрьме России — #Их нравы
Эван Гершковіч у судзе / Reuters

Масгарсуд прызнаў законным падаўжэнне арышту амерыканскаму журналісту выдання The Wall Street Journal Эвану Гершковічу. У Расіі яго абвінавачваюць у шпіянажы. Суд адхіліў скаргу абароны. Журналіст застанецца ў СІЗА да 30 лістапада.

Гершковіч быў затрыманы ФСБ 29 сакавіка ў Екацярынбургу. Яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі. Дата суда пакуль не прызначаная.

Гершковіч — першы амерыканскі журналіст, затрыманы па абвінавачанні ў шпіянажы ў Расіі з часоў халоднай вайны. Расійскі бок заявіў, што Гершковіч быў злоўлены "на месцы злачынства". Ён нібыта спрабаваў даведацца ваенныя сакрэты. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што затрыманне Гершковіча абсалютна незаконнае.

Гершковіч нарадзіўся ў сям'і савецкіх эмігрантаў, вырас у Нью-Джэрсі. Ён свабодна гаворыць па-руску. Пераехаў у Маскву ў канцы 2017 года, каб працаваць у Moscow Times.

 

У ЗША дырэктар школы пакараў вучаніцу за танцы. Але перадумаў

Дырэктар дзяржаўнай школы ў Луізіяне Джэйсан Сэнт-П'ер пакараў вучаніцу Кейлі Ціманет за танцы на вечарынцы па-за школай. Дзяўчыну адхілілі ад пасады школьнага лідара самакіравання, а таксама дырэктар заявіў, што не будзе даваць рэкамендацыі на атрыманне ёю стыпендыі ў каледжы. Педагог засумняваўся ў рэлігійных перакананнях вучаніцы пасля таго, як убачыў відэазапіс яе танцаў.

Джэйсан Сэнт-П'ер казаў Кейлі, што яна "жыве не паводле Гасподняга шляху". Ён надрукаваў вершы з Бібліі з вылучанымі месцамі і "задаў пытанне аб тым, хто яе сябры і ідуць яны за Госпадам".

Аднак пасля абурэння грамадскасці яму давялося папрасіць прабачэння і перагледзець сваё рашэнне. Сам дырэктар сышоў у адпачынак да канца навучальнага года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі