У Швецыі асуджаныя двое братоў, якія 10 гадоў шпіёнілі для РФ
За здабытыя даныя расійскія спецслужбы плацілі грашыма і золатам / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
У Швецыі асуджаныя двое грамадзян, якія 10 гадоў шпіёнілі для РФ. Іх справу называюць самым сур'ёзным шпіёнскім скандалам у найноўшай гісторыі гэтай краіны. Па версіі следства, браты Пейман і Паям Кія, якім 42 і 35 гадоў адпаведна, перадавалі расійскім спецслужбам інфармацыю, якая ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы Швецыі. Першы раней працаваў у Службе дзяржбяспекі і ва ўзброеных сілах Швецыі, атрымліваў сакрэтныя даныя, карыстаючыся службовым становішчам. Другі брат непасрэдна перадаваў расіянам звесткі, атрымліваў за іх грошы і золата.
Затрыманне адбылося восенню 2021-га. Судовае разбіральніцтва працягвалася больш за год. Пейман Кія асуджаны на пажыццёвае зняволенне, яго брат — на 9 гадоў і 10 месяцаў пазбаўлення волі. Сваёй віны яны не прызнаюць. У пастанове суда адзначаецца, што "Расія — самая вялікая пагроза бяспецы Швецыі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.