Лукашэнка выявіў, што экспарт у РФ падае, а на заводах не хапае рабочых

Аляксандр Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка / РИА Новости

Экспарт беларускіх трактароў у Расію 2023 годзе скараціўся на 18%. У выніку іх доля ў расійскім імпарце знізілася да мінімальных за апошняе дзесяцігоддзе велічыняў (10,5%), грузавых аўтамабіляў — да 6%. Такія лічбы агучыў на нарадзе пра стан беларускай прамысловасці Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што больш за 90% прадукцыі, якая ідзе на экспарт, накіроўваецца на рынак Расіі. Але з лічбаў відаць, што пазіцыі на расійскім рынку беларусы страчваюць. І гэта ва ўмовах, калі адтуль пайшлі заходнія канкурэнты.

"Мне дакладаюць, што сёння айчынная прадукцыя саступае аналагам як паводле цаны, так і паводле якасці. Паводле цаны яшчэ вытлумачальна. Але чаму паводле якасці?" абурыўся Лукашэнка.

Скараціліся пастаўкі ў Расію і беларускай бытавой тэхнікі. Аб'ёмы экспарту халадзільнікаў і маразільнікаў упалі амаль удвая.

Лукашэнка паставіў задачу нарасціць пастаўкі ў Расію аўтобусаў і тралейбусаў. Раней прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у сваім пасланні анансаваў выдзяленне грошай на закупку ў рэгіёны каля 40 тысяч аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. На думку Лукашэнкі, беларусы павінны падключыцца і "забяспечыць не менш за 30% патрэбных аб'ёмаў".  Нагадаем, у апошнія гады — на хвалі імпартазамяшчэння пасля адыходу з Беларусі заходніх партнёраў — з беларускімі аўтобусамі і тралейбусамі перыядычна адбываюцца надзвычайныя здарэнні.  

Акрамя недастатковага і не заўсёды паспяховага імпартазамяшчэння на прадпрыемствах выявілася яшчэ адна праблема — недахоп кадраў. Прычым не толькі інжынераў, але і рабочых. У выніку "мы сёння вымушаныя казаць не пра якасць падрыхтоўкі кадраў, а пра іх павальны дэфіцыт. Асабліва рабочых", — адзначыў Лукашэнка. Паводле яго слоў, толькі на "МАЗе" некамплект работнікаў складае 13%, а "ў ААТ "Мінскі маторны завод" назіраецца цякучка рабочых спецыяльнасцяў: слесараў, токараў, мантажнікаў, электраманцёраў, шліфоўшчыкаў і фрэзероўшчыкаў".

Лукашэнка таксама казаў пра рызыкі, якія нясе залежнасць ад замежнага абсталявання і праграмнага забеспячэння. Ён чакае "айчыннага софту" ад беларускіх распрацоўшчыкаў, але "пакуль на гэтым напрамку наогул нічога не робіцца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі