Лукашэнка заявіў, што Захад не дапамог Беларусі з COVID-19. І гэта няпраўда
Аляксандр Лукашэнка і COVID-19 / калаж Еўрарадыё
— Апошнія паскуднікі гэтыя еўрапейцы і амерыканцы. Яны ж нічым не дапамаглі нам [у барацьбе з каранавірусам. — Еўрарадыё] абсалютна, — выбухнуў Аляксандр Лукашэнка 4 траўня на сустрэчы з прэм'ерам Раманам Галоўчанкам.
Нагадаем толькі пра некаторыя факты, калі Беларусі ўсё ж дапамагалі "паскуднікі".
Тыдзень таму: груз на $850 тыс.
Роўна за тыдзень да гэтай заявы Лукашэнкі ў Беларусь прыбыў гуманітарны груз. Гэта экспрэс-тэсты, кіслародныя маскі і іншае абсталяванне. Усе яны былі перададзены Рэспубліканскаму цэнтру арганізацыі медыцынскага рэагавання.
Закуплялася ўсё гэта ў рамках праекта "Салідарнасць у імя здароўя", які фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Кошт дапамогі, якую ў Палацы Незалежнасці не заўважылі, — 850 тысяч долараў.
Яшчэ груз, і таксама за грошы ЕС
Улетку 2020-га медустановы Мінскай вобласці атрымалі яшчэ адзін буйны гуманітарны груз.
У "пасылцы" былі 455,5 тысячы адзінак сродкаў індывідуальнай аховы, у тым ліку рэспіратары, ахоўныя акуляры і шчыты для твару, медыцынскія халаты. Усё гэта купіла Сусветная арганізацыя аховы здароўя на грошы таго ж Еўрасаюза.
Грошы Сусветнага банка
Праз некалькі месяцаў пасля таго, як у Беларусі зафіксавалі першы выпадак каранавіруса, Сусветны банк пагадзіўся выдзеліць краіне пазыку ў памеры 90 мільёнаў еўра.
Атрыманне гэтых грошай пацвярджаў і сам Лукашэнка.
Абмяркоўвалася магчымасць перадачы і дадатковых грошай, але для іх ад афіцыйнага Мінска патрабавалі выконваць усе рэкамендацыі СААЗ, уключаючы адмену масавых мерапрыемстваў і забеспячэнне нормаў дыстанцыявання.
Прасіла грошы Беларусь і ў МВФ, але не на саму барацьбу з пандэміяй, а на падтрымку эканомікі. Праз нязгоду Мінска пайсці на ўсе ўмовы фонду грошы выдзеленыя не былі.
Дапамога ЗША
Той жа вясной 2020-га Дзярждэпартамент ЗША абвясціў аб выдзяленні сродкаў шэрагу краін, якім, на думку Вашынгтона, "пагражае самая высокая рызыка" распаўсюджвання каранавіруса.
У спісе краін была і Беларусь. Краіне выдзяляліся 1,3 мільёна долараў. Гэтыя грошы павінны былі накіравацца на ўмацаванне лабараторных сістэм і да таго падобнае.
І не толькі
Аказвалі заходнія краіны і міжнародныя структуры і іншую, нефінансавую дапамогу Беларусі. Напрыклад, спецыялісты СААЗ прыязджалі ў Беларусь, а акрамя таго, кансультавалі беларускіх калег па барацьбе з пандэміяй. Але, здаецца, гэта таксама не лічыцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.