Смяротнасць лекараў і эфектыўнасць тэстаў: анамаліі нашай статыстыкі па COVID-19

Лекары / sb.by
Лекары / sb.by

Кожны 12-ы загінулы ад каранавіруснай інфекцыі ў Беларусі — гэта медык. Колькі б за суткі ні было зроблена тэстаў, новых выпадкаў COVID-19 выяўляецца прыблізна аднолькава. Еўрарадыё збірае пытанні, якія працягваюць з'яўляцца да афіцыйнай статыстыкі Мінздароўя па распаўсюджванні каранавіруса. 

0,87% у ЗША vs 8,5% у Беларусі

Мінская лекарка, доктар медыцынскіх навук Святлана Сарокіна склала спіс памерлых падчас пандэміі каранавіруса медыкаў. У ім ужо 125 імёнаў.

— Безумоўна, у многіх з іх былі саматычныя захворванні. Але, паводле інфармацыі блізкіх, менавіта кавід стаў пускавым момантам, які прывёў да іх смерці, — тлумачыць Святлана Эдуардаўна.

Калі верыць афіцыйнай статыстыцы па COVID-19, на 6 студзеня ад каранавіруснай інфекцыі ў Беларусі памерлі 1480 чалавек. 125 лекараў — гэта амаль 8,5% ад агульнай колькасці ахвяр. І гэта лічба — анамальна высокая на фоне іншых краін.

Напрыклад, 23 снежня выданне Guardian падлічыла колькасць медыкаў, памерлых ад каранавіруснай інфекцыі ў ЗША. Гэта 2920 чалавек, або 0,87% ад агульнай колькасці ахвяр "кароны" (334 236 на 23 снежня). 

Арганізацыя Amnesty International апошні раз падлічвала колькасць ахвяр COVID-19 сярод медыцынскіх работнікаў у верасні — гэта 7000 чалавек. Больш за ўсё медыкаў на той момант загінула ў Мексіцы — 1320 чалавек. Гэта 1,94% ад агульнай колькасці смерцяў ад COVID-19 у Мексіцы на той перыяд.

Акрамя Беларусі, анамальна высокі адсотак смерцяў сярод лекараў фіксуецца... у Расіі. Падчас першай хвалі каранавіруса журналісты "Медиазоны" ацанілі долю загінулых расійскіх медыкаў у 7% ад афіцыйнай колькасці памерлых ад каранавіруснай інфекцыі. Але звесткі Мінздароўя аб колькасці загінулых у Расіі лекараў у некалькі разоў разыходзяцца са спісамі памяці, якія складалі самі медыкі і журналісты.

Анамальна высокую долю памерлых медыкаў у Беларусі можна растлумачыць хіба што тым, што смерці лекараў складана "схаваць", яны навідавоку, на пярэднім краі барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй. А агульная колькасць ахвяр COVID-19 можа быць сур'ёзна заніжанай.

Што не так з тэстамі на COVID-19

Вельмі дзіўныя справы адбываюцца з эфектыўнасцю праведзеных тэстаў на COVID-19. Статыстыка "скача": у некаторыя дні доля станоўчых тэстаў аказваецца ў шэсць разоў вышэйшая за сярэднюю. Напрыклад, 1 студзеня Мінздароўя паведамляе пра 21 942 зробленыя тэсты і 1902 новыя выпадкі заражэння (7,16% станоўчых тэстаў), а 4 студзеня — пра 4868 тэстаў і 1869 выпадкаў заражэння (39,88% станоўчых тэстаў).

Смертность врачей и эффективность тестов: аномалии нашей статистики по COVID-19
Статыстыка / Еўрарадыё

Інакш кажучы, колькі б тэстаў ні было зроблена, новых выпадкаў выяўляецца прыблізна адна і тая колькасць. Выключэнне — 5 студзеня. У гэты дзень — да 1273 выпадкаў. Станоўчых тэстаў за гэты дзень — 37%.

Пытанні да афіцыйнай статыстыкі Мінздароўя ўзнікаюць ужо не першы раз. Напрыклад, у пачатку снежня са звестак невытлумачальна зніклі 353 пацыенты. Міністэрства ніяк гэта не растлумачыла.

30 кастрычніка звесткі лекараў па станоўчых выніках тэстаў на каранавірус у адным толькі Мінску разышліся з афіцыйнай статыстыкай па краіне амаль у два разы.

У верасні выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч не змог растлумачыць, з чым звязана рэкордная смяротнасць у Беларусі ў другім квартале 2020 года. Паводле статыстыкі ААН, у другім квартале 2020 года, на які прыйшоўся разгар пандэміі COVID-19, у Беларусі памерла на 5605 чалавек больш, чым за аналагічны перыяд 2019 года. Аднак афіцыйна ад наступстваў каранавіруснай інфекцыі ў Беларусі за ўвесь перыяд пандэміі памерла 767 пацыентаў. Вынікам чаго сталі астатнія амаль 5 тысяч смерцяў?

А па афіцыйнай статыстыцы за 5 траўня, у Беларусі за суткі было зроблена 0 тэстаў. Як так атрымалася? Тлумачэнні журналісты таксама не атрымалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі