Лукашэнка заявіў, што "перамог па ўсіх апытаннях". А як на самай справе?
Колькі беларусаў выбіралі Лукашэнку, а колькі — Ціханоўскую? / Reuters
"Я ўважліва адсочваю СМІ. І ў Расіі, і ў Амерыцы, і ў Еўропе, і ў Беларусі. У Беларусі заходнікі правялі сацыялагічныя даследаванні, у выніку якіх беларусы адназначна заявілі, што ніякая Ціханоўская выбары не выйгравала ніколі. І прызнаюць, што дзейны прэзідэнт адназначна перамог", — заявіў Лукашэнка на нарадзе "па супрацьдзеянні санкцыйным мерам" 7 кастрычніка.
Што праўда, дык гэта тое, што рознага кшталту даследаванні пасля выбараў сапраўды былі. Але што яны кажуць на самай справе? Здаецца, не зусім тое, што ў іх бачыць Лукашэнка.
"Голас": перамагла Ціханоўская. У першым туры
Зразумела, платформа "Голас" сацыялогіяй не займаецца, аднак свае высновы каманда праекта робіць далёка "не па адчуваннях".
У ініцыятывы былі звесткі 1517 афіцыйных пратаколаў, частковую інфармацыю па галасах атрымалі з 5696 участкаў з 5757. У цэлым жа з "Голасам" інфармацыяй падзяліліся каля 900 тысяч выбаршчыкаў, што пры дапамозе матэматычных мадэляў дазволіла маштабаваць звесткі.
Зыходзячы з мадэляў падліку "Голасу", усяго за Ціханаўскую прагаласавалі не менш як тры мільёны чалавек, гэта значыць каля 56% выбаршчыкаў з улікам рэальнай яўкі. Лукашэнка, паводле іх падлікаў, набраў 34%.
Што цікава: гэтыя звесткі, атрыманыя пры дапамозе вылічэнняў, карэспандуюцца са звесткамі сацыялогіі.
Нямецкі цэнтр: перамагла Ціханоўская
Нямецкія даследчыкі з ZOiS апублікавалі ў сакавіку 2021-га вынікі апытанняў, праведзеных у снежні 2020-га. Высновы ў нямецкіх сацыёлагаў таксама досыць адназначныя.
Паводле звестак ZOiS, каля 53% беларусаў прагаласавалі на выбарах за Святлану Ціханоўскую. Аляксандра Лукашэнку назвалі каля 18% рэспандэнтаў. Больш за 18% у прынцыпе адмовіліся адказваць на пытанне, гэта значыць іх галасы маглі "пайсці" любому з кандыдатаў.
Згодныя са сцверджаннем пра тое, што вынікі выбараў былі фальсіфікаваныя, 65% удзельнікаў апытання.
Chatham House: мяркуючы па ўсім, перамагла Ціханоўская
Брытанскі Chatham House праводзіць сацыялагічныя даследаванні сярод гарадскіх жыхароў Беларусі і рэгулярна публікуе вынікі — пра апошнюю працу мы не так даўно гутарылі з прадстаўніком цэнтра Рыгорам Астапенем.
У кастрычніку цэнтр выпусціў вынікі даследаванняў, дзе прагучалі рэйтынгі беларускіх палітыкаў і звесткі пра тое, за каго галасавалі беларусы. 52,2% рэспандэнтаў у апытанні заявілі, што падтрымалі Ціханоўскую, 20,6% — Аляксандра Лукашэнку. Адмовіліся адказваць 13,7%.
Вынікі апошняга апытання ўжо не маюць звестак пра тое, за каго галасавалі ў 2020-м, але даюць уяўленне пра падтрымку ўлады з боку беларусаў: каля 39% адносяць сябе да тых, хто выступае за дзейны парадак рэчаў. Аднак гэта не значыць, што ўсе яны 9 жніўня 2020-га галасавалі менавіта за Лукашэнку, — гэта важная дэталь.
Праўладныя цэнтры: Лукашэнка (вядома ж) перамог
Пра перамогу Лукашэнкі на выбарах яшчэ 9 жніўня заявілі па выніках "экзітполаў", якія праводзілі толькі зарэгістраваныя ў Беларусі арганізацыі. Так, РСГА "БКМА" даваў Лукашэнку 79,7% галасоў.
Пазней вынікі сваёй працы публікаваў і праўладны EcooM: хай не было звестак па галасаванні, але ўзровень даверу да Лукашэнкі тады ацанілі ў 66,5%. Еўрарадыё расказвала пра арганізацыі, якія праводзілі апытанне.
Іншых даследаванняў, асабліва заходніх, дзе сцвярджалася б перамога Лукашэнкі, Еўрарадыё не знайшло.
А што іншыя?
За месяц да выбараў Генадзь Коршунаў, на той момант дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН, прызнаваў: рэйтынг Лукашэнкі ў сталіцы складае 24%.