Што за апытанне з расійскіх нумароў паказала рэйтынг Лукашэнкі ў 35%

Тэлефоннае апытанне / yandex.ru
Тэлефоннае апытанне / yandex.ru

У сярэдзіне ліпеня грамадзянам Беларусі сталі тэлефанаваць з расійскіх нумароў з прапановай паўдзельнічаць у сацыялагічным апытанні. Інтэрв'юеры прадстаўляліся супрацоўнікамі амерыканскай кансалтынгавай кампаніі Gallup і некалькі хвілін распытвалі рэспандэнтаў пра палітычныя перавагі.

Толькі вось у Gallup не ведаюць, што праводзілі апытанне ў Беларусі.

Падтрымка Лукашэнкі — 35%

Тым часам дакумент з вынікамі гэтага самага тэлефоннага апытання шырока разышоўся па сеціве. Электаральны рэйтынг Лукашэнкі там ацэньваецца ў 35%. 23,5%, калі б выбары адбыліся заўтра, прагаласавалі б за Святлану Ціханоўскую. Калі б у бюлетэнях знайшлося месца Віктару Бабарыку і Валерыю Цапкалу, то, па "даследаванні Gallup", яны набралі б 27,6% і 10,3% галасоў адпаведна. А 25,8% выбралі опцыю "пайду на выбары, але яшчэ не вырашыў, за каго прагаласую".

Сярод варыянтаў няма адказу "супраць усіх". У беларускіх бюлетэнях ён ёсць, а, напрыклад, у расійскіх — няма. Гэта наводзіць на думкі пра расійскія карані апытання.

Что за опрос с российских номеров показал рейтинг Лукашенко в 35%
Злітыя вынікі апытання / t.me/belamova

Gallup ні пры чым

Еўрарадыё звязалася з амерыканскай аналітычнай кампаніяй Gallup, чыімі супрацоўнікамі прадстаўляліся тыя, хто тэлефанаваў з расійскіх нумароў. Gallup/Baltic Surveys, дарэчы, праводзіла апытанне грамадзян перад прэзідэнцкімі выбарамі ў 2015 годзе. Але не ў 2020-м.

— Мы можам пацвердзіць, што ніякіх даследаванняў, тэлефонных апытанняў Gallup у Беларусі апошнім часам не праводзіў, — адказалі нам у галаўным офісе Gallup у ЗША.

У літоўскай кампаніі Baltic Surveys нам сказалі, што бачылі вынікі апытання ў інтэрнэце, і дадалі, што "гэтага апытання не праводзілі".

Адмаўляюць дачыненне да апытанняў і кампаніі, якія валодаюць правам на правядзенне апытанняў Gallup у Беларусі і Расіі, — Romir і "Кантар".

— У рамках нашых апытанняў мы называемся даследчай кампаніяй "Кантар". Сярод заказных праектаў "Кантар" няма апытанняў на палітычныя тэмы і прывітання Gallup, — пракаментавалі ў "Кантары".

— У гэты момант мы не праводзім ніякіх даследаванняў у Беларусі ад імя Gallup International, і планаў пакуль няма, — адказалі Еўрарадыё ў кампаніі Romir.

У амерыканскім офісе Gallup International таксама пацвердзілі, што не арганізоўвалі апытання ў Беларусі і не маюць офіса ў нашай краіне.

Страхоўка і іншыя абзвоны

Калі перазваніць па тых расійскіх нумарах, з якіх набіралі беларусам, то ўключаецца аўтаадказчык. Жаночы голас расказвае, што "іх арганізацыя 20 гадоў займаецца апытаннямі насельніцтва". Калі мы не супраць прыняць удзел у адным з іх, то трэба адказаць: "Так, згодны". Пасля абяцаюць унесці нумар у базу і перазваніць.

Нумары, мяркуючы па ўсім, сапраўды належаць расійскаму кол-цэнтру, якому заказваюць рознага роду тэлефонныя абзвоны. З іх расіянам тэлефанавалі з прапановамі аформіць страхоўку, схадзіць на адкрыццё банка. Паслугамі гэтага кол-цэнтра карысталіся і кампаніі, якія займаюцца сацыялагічнымі даследаваннямі: "Левада-Цэнтр" і Фонд грамадскай думкі. Аднак і яны расказалі Еўрарадыё, што апытанняў у Беларусі апошнім часам не праводзілі.

Что за опрос с российских номеров показал рейтинг Лукашенко в 35%
Андрэй Вардамацкі / belsat.eu

Вардамацкі: вынікі выглядаюць праўдападобна

Кіраўнік "Беларускай аналітычнай майстэрні" сацыёлаг Андрэй Вардамацкі лічыць, што даследаванне ўсё ж магло правесці якое-небудзь з шматлікіх прадстаўніцтваў Gallup.

— У галаўным офісе проста могуць пра гэта не ведаць. Gallup у адной Каліфорніі праводзіць столькі даследаванняў, колькі ўся Еўропа ў цэлым. Цяпер наогул праводзіцца вельмі шмат такіх апытанняў, невядома адкуль. Гэта ўжо звычайная сусветная практыка.

Але, паглядзеўшы на вынікі, магу сказаць, што так звычайна і выглядаюць вынікі сацдаследаванняў пры першай грубай апрацоўцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі