Яўка, якую намалявалі на "выбарах" у Беларусі, немагчымая — і вось чаму
Умка і яго гаспадар на выбарчым участку
Цэнтрвыбаркам Беларусі заяўляе, што яўка на мінулых "выбарах" прэзідэнта склала 85,7%. Але гэта практычна немагчыма, калі паглядзець на афіцыйныя дадзеныя з пункту гледжання матэматыкі. І вось чаму.
Колькі ў Беларусі выбаршчыкаў?
Для пачатку пералічым афіцыйныя дадзеныя, якія мы маем.
ЦВК Беларусі ўключыў у спісы выбаршчыкаў на прэзідэнцкіх "выбарах" 2025 года 6 903 994 чалавек. Пры гэтым на 1 студзеня 2024 года насельніцтва Беларусі, паводле звестак Белстата, складала 9 155 978 чалавек.
Такім чынам, 2 251 984 чалавекі з ліку тых, хто жыве ў Беларусі, не мелі права галасаваць на "выбарах". У асноўным яны адносяцца да трох катэгорый: якія не дасягнулі 18 гадоў; прызнаныя судом недзеяздольнымі; знаходзяцца паводле прысуду суда ў месцах пазбаўлення волі. Таксама не галасуюць на выбарах грамадзяне іншых дзяржаваў, якія жывуць у Беларусі.
А вось грамадзяне Беларусі, якія пасля пратэстаў 2020 года вымушаныя былі з'ехаць з краіны і цяпер жывуць у іншых дзяржавах, у тыя самыя 6 903 994 чалавекі са спісаў выбаршчыкаў уключаныя.
Але выбарчых участкаў за мяжой для іх у 2025 годзе адкрываць не сталі. А галасаваць па месцы рэгістрацыі яны не прыехалі. Па статыстыцы ЦВК, для гэтага вярнулася ў Беларусь наогул усяго 114 грамадзян, якія пастаянна пражываюць у іншых дзяржавах і стаяць на консульскім уліку.
І колькі ж грамадзян Беларусі, якія ўключаныя ў спісы выбаршчыкаў, але галасаваць не прыехалі?
Начальнік дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун у пачатку 2024 года заявіў, што ў 2021-2022 гадах Беларусь пакінула больш за 200 тысяч грамадзян. Гэта вельмі аптымістычная ацэнка.
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў ацэньваў эміграцыю, якая адбылася пасля пратэстаў 2020 года, у 500-600 тысяч чалавек. Акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі казаў, што ў Еўрасаюз за апошнія 4 гады пераехала да 500 тысяч грамадзян Беларусі.
Не менш за 200 тысяч беларусаў працуе ў Расіі. Гэта таксама сціплая ацэнка.
Большасць тых, хто з'ехаў, — дарослыя людзі. Такім чынам, рэальна прыйсці на выбарчыя ўчасткі ў Беларусі магло ад 6,5 млн (ацэнка Бегуна) да 6,2 млн чалавек (ацэнка Коршунава/Львоўскага).
Што ж атрымліваецца — прагаласаваць прыйшлі амаль усе, хто мог?
Цэнтрвыбаркам заяўляе, што бюлетэні для галасавання атрымала 5 916 834 выбаршчыкі (афіцыйна яўка склала 85,7%). Калі верыць ЦВК і ўлічыць фактар эміграцыі, то атрымаецца, што на выбары прыйшло ад 91% (ацэнка Бегуна) да 95, 5% (ацэнка Львоўскага) ад рэальна прысутных у краіне выбаршчыкаў. Ну, то-бок амаль усе, хто мог.
А гэта немагчыма. І не толькі таму, што на выбары ніколі не ходзяць усе. Не толькі таму, што ніякай палітычнай барацьбы і, адпаведна, ніякай інтрыгі ў цяперашніх беларускіх "выбарах" не было. Кампанія была нецікавай, чацвёра кандыдатаў-спойлераў на ўвесь голас расхвальвалі Аляксандра Лукашэнку.
Ёсць яшчэ сёе-тое.
Парадокс галасавання моладзі
Пры такой высокай афіцыйнай яўцы размеркаванне ўдзелу ў "выбарах" розных узроставых груп мусіць быць раўнамерным. Але велізарная колькасць даследаванняў паказвае, што моладзь заўсёды ўдзельнічае ў выбарах менш актыўна, чым людзі іншых узростаў.
Напрыклад, Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (АЭСР) пасля аналізу яўкі розных узроставых груп на выбары ў дваццаці краінах выявіла, што ў сярэднім у 2020-м сярод моладзі галасавала 68%, а сярод людзей, старэйшых за 54 гады, — 85%. Розніца з'яўляецца праз нізкую электаральную актыўнасць маладых людзей. Гэта агульнасусветны трэнд, і Беларусь не можа быць выключэннем.
З такой розніцай намаляваная ЦВК яўка ў прынцыпе немагчымая.
Яшчэ адна загадка, якая прымушае ўсумніцца ў афіцыйных дадзеных
Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года ЦВК таксама складаў спісы выбаршчыкаў. Гэта было да масавай эміграцыі і да таго, як Беларусь адчула на сабе смяротнае дыханне COVID-19.
Насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2020 года складала 9 410 259 чалавек — на 254 281 чалавека больш, чым цяпер. А выбаршчыкаў Лідзія Ярмошына тады налічыла тыя ж 6,9 млн.
То-бок насельніцтва Беларусі за 4 гады афіцыйна скарацілася на 254 тысячы чалавек. Яшчэ не менш за 90 тысяч чалавек — залішняя смяротнасць, звязаная з COVID-19.
Улады яе не прызнаюць, доступ да закрытай статыстыкі нядаўна атрымалі "Кіберпартызаны". Але... колькасць выбаршчыкаў амаль не зменшылася.
Як такое можа быць?
Дзіцячая смяротнасць у Беларусі нізкая, то-бок сказаць, што за гэты час памерлі людзі, якія не маюць права голасу, не атрымаецца. Пра тое, каб Беларусь так масава пакінулі грамадзяне іншых дзяржаў, чуць таксама не даводзілася.
Загадка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.