Як працуе “беларускі Tinder”: "Дзікае паляванне на рамантыку"

Мабільны дадатак "Віт" / @rubanau_collage
Замест Ціндара, які сышоў з Беларусі летась, у беларусаў з’явіўся “Віт!”. Гэта цалкам беларускамоўная праграма, з дапамогай якой можна знайсці новыя знаёмствы і нават каханне.
Журналісты Еўрарадыё пакарысталіся праграмай і вырашылі падзяліцца ўражаннямі.
Дзяніс: лайкнулі дзяўчына з Мінска і мужчына з Гданьска
Я спампаваў “Віт!” у пачатку верасня, амаль адразу пасля яго рэлізу. Даведаўся пра яго, здаецца, са СМІ, а можа, недзе і рэкламу ўбачыў, дакладна не памятаю.
Мэта — стандартная: знайсці новыя знаёмствы, зносіны, калі пашанцуе — новых сяброў ці нават стасункі.
Прывабіла ў “Віт!” тое, што гэта чыста беларуская тэма. Каб у традыцыйным дэйтынгу знайсці беларуса, трэба вельмі пастарацца, а тут усё ў адным месцы. Зручна. Ну, і, знаходзячыся ў эміграцыі, хочацца паразмаўляць пра глазураваныя сыркі і панастальгаваць па старых часах.
Пасля спампавання мяне сустракае прасценькі бела-фіялетавы інтэрфейс, які цьмяна нагадвае некалі папулярную апку Kate Mobile.
Далей трэба запоўніць анкету — тут усё стандартна, як і ў любых іншых класічных дэйтынгах, але ёсць і адрозненні. Напрыклад, можна наладзіць “Віт!” так, каб ён паказваў людзей толькі з вашага горада ці толькі з вашай краіны.
Яшчэ ёсць функцыя "Карта", дзе іншыя карыстальнікі могуць бачыць ваша месцазнаходжанне (з умовай, што ў іх таксама ўключаная гэтая опцыя) — але гэта вельмі небяспечная штука.
Я настроіўся так: шукаю дзяўчат ад 18 да 29 гадоў у Варшаве.
Калі перайшоў гартаць анкеты, заўважыў яшчэ адно нязвыклае адрозненне ад іншых дэйтынг-апс: у тым жа Tinder ці Bumble, каб лайкнуць чалавека, трэба свайпнуць направа.
Тут жа свайп і налева, і направа азначае, што вы прапускаеце карыстальніка, а каб яго лайкнуць, трэба асобна клікнуць на кнопку "Павітацца". Не сказаць, што гэта мінус, хутчэй, пытанне звычкі. Да карыстальнікаў, якіх вы дызлайкнулі, потым можна вярнуцца і паглядзець іх профілі зноў.
Яшчэ з адрозненняў: можна адразу бачыць тых, хто паставіў вам лайк (у раскручаных дэйтынгах гэтая функцыя даступная толькі прэміум-карыстальнікам па падпісцы).
Потым выявілася яшчэ адна цікавая штука, за якую асабіста я стаўлю “Віт!” тлусты мінус: мяне лайкнула карыстальніца з Кракава, потым яшчэ адна з Мінска, а потым мужчына з Гданьска.
Гэта як? Атрымліваецца, я магу бачыць людзей толькі з Варшавы, а мяне могуць бачыць усе? Гэта ж адна з умоваў канфідэнцыйнасці, хіба не? У маім разуменні такія налады павінныя працаваць у абодва бакі.
Дзяўчат у зададзеным мной узроставым дыяпазоне аказалася не так і шмат — першы варшаўскі "мэтч" я злавіў дні праз два.
Што асабліва прыемна беларусам і беларускам — шмат беларускамоўных профіляў з чыста беларускімі жартамі, кшталту “думаю не пра Рымскую імперыю, а пра ВКЛ” ці “хлопец са Шчучыншчыны”.
Мне ўдалося пагутарыць з хлопцамі з розных краін. З хлопцам з Беларусі абмеркавалі кіно/жыццё. З хлопцамі з Захаду — таксама агульныя інтарэсы ды іншае. Яны і на спатканні запрашалі, але гэта ўжо мяне не цікавіла.
Патлумачу, чаму менавіта беларускай. Бо ўзровень ведання польскай мовы пакуль не настолькі камфортны, каб можна было без праблем стасавацца з мясцовымі лэдзі на складаныя тэмы і бліскуча жартаваць.
Таму для транзітнага перыяду, калі ты яшчэ недастаткова асіміляваўся ў замежжы, аплікацыя “Віт!” мне падалася найлепшым варыянтам для спробы новых стасункаў.
Тым больш стваральнікі прапаноўвалі звязвацца з зарэгістраванымі беларусамі і беларускамі па ўсім свеце. Адразу пасля з’яўлення праграма перажыла медыйны ўздым — і шмат карыстальнікаў зрабіла сабе там анкеты. Я на хвалі агульнага ажыятажу таксама зарэгістраваўся.
А ў студзені пачаў паўнавартасна карыстацца і зразумеў, што “Віт!” — далёка не забойца Ціндара. Проста таму, што база карыстальнікаў амаль мёртвая.
Я спачатку паставіў у наладах ахоп “па ўсім свеце” і з захапленнем гартаў карткі, знаходзячы каляжанак з рэдакцыі і гуллівых публічных асобаў з дэмакратычнага руху.
Вось толькі ніхто не рэагаваў на лайкі (тут за гэта адказвае кнопка “Павітацца”), а адгукнуліся толькі тры дзяўчыны з 14. Адна адвалілася пасля першага прывітання, а з дзвюма іншымі мы міла паразмаўлялі пра сённяшняе жыццё ў Мінску, дзе яны цяпер жывуць.
Завязаць гутарку, не тое што знаёмства, з дзяўчатамі з Варшавы, дзе я цяпер жыву, не атрымалася. Карыстальніц альбо спалохалі мае фоткі, альбо, хутчэй за ўсё, яны проста больш не карыстаюцца гэтай праграмай.
На бяду я яшчэ скараціў межы ахопу да Варшавы — і карткі з патэнцыйнымі сяброўкамі праз пару дзясяткаў перагортванняў скончыліся, і я крануўся дна лічбавага дэйтынгу.
Я паспрабаваў зайсці з іншага боку — паэксперыментваў з тэрытарыяльным ахопам і ўзростам удзельніц, спрабуючы скласці для сябе карціну карыстальніц. І зразумеў, што у “Віт!” ёсць дзве вялікія групы жанчын: дамы ў шлюбе, якія шукаюць сабе ці сваім дзецям сяброў і сябровак, і зусім маладыя дзяўчаты 18-19 гадоў, якія мне ўжо ў дочкі падыходзяць.
Жанчын сярэдняга ўзросту (35) альбо старэйшых ці маладзейшых на пяць-дзесяць гадоў аказалася зусім няшмат. А тыя акаўнты, што ёсць, так і не падалі знакаў жыцця за ўвесь час карыстання праграмай.
На гэтым маё дзікае паляванне на рамантыку ў “Віт!” скончылася і наўрад ці калі адновіцца. Пры цікавай задуме і хай і сціплай, але акуратнай рэалізацыі для дэйтынгу яна не зусім падыходзіць. А для знаёмстваў з беларускамі можна знайсці шмат альтэрнатыўных варыянтаў, ад Instagram да TikTok.
Праекту дапамог бы пісьменны маркетынг і піяр, але падазраю, што грошай на гэта ў стваральнікаў “Віт!” цяпер няма. Як, зрэшты, ва ўсіх некамерцыйных праектаў.
Задумка: 8/10
Увасабленне: 4/10
Дзе спампаваць
iOS https://apps.apple.com/us/app/віт/id6504729186
Android https://play.google.com/store/apps/details?id=com.datingby.mobile
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.