Энтузіяст стварыў слой для Google Карт з аэрафотаздымкамі Беларусі часоў вайны

Цяпер унікальныя кадры можна хутка і зручна знайсці на карце / catalog.archives.gov
Нацыянальны архіў ЗША апублікаваў тысячы аэрафотаздымкаў Беларусі часоў Другой сусветнай вайны. Карыстальнік сацыяльнай сеткі X пад нікам Eugene, CA 95230 выгрузіў дадзеныя з архіва і стварыў слой для Google Карт, дадаўшы шпількі для кожнага здымка.
Каб адкрыць слой, націсніце на гэтую спасылку.
Паводле яго слоў, пошук у архіве аказаўся нязручным, таму ён вырашыў стварыць карту, якая спрасціць доступ да здымкаў.
Здымкі былі зроблены нямецкімі вайскоўцамі ў перыяд з 1939 па 1945 год. Пасля вайны яны трапілі ў рукі амерыканцаў і выкарыстоўваліся ў разведвальных мэтах. Цяпер гэты каштоўны гістарычны матэрыял даступны для даследчыкаў і краязнаўцаў.
Усяго ў архіве прадстаўлена 2176 аэрафотаздымкаў Беларусі. Больш за ўсё кадраў прыпадае на Брэсцкую, Гродзенскую і Мінскую вобласці. Фотаздымкі ахопліваюць як гарады, так і сельскую мясцовасць.
Здымкі, апублікаваныя на сайце Нацыянальнага архіва ЗША, маюць памер 3800 × 3800 пікселяў, але пры неабходнасці можна замовіць іх у высокай якасці 14500 × 14500 пікселяў для дэталёвага вывучэння мясцовасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.