У Гарадзеі адраджаюць футбольны клуб, вядомы смачнымі шашлыкамі на стадыёне

Каманда, верагодна, возьме ўдзел у Другой лізе чэмпіянату Беларусі па футболе / ФК "Городея"
Паводле інфармацыі канала "Ухо", у Гарадзеі збіраюцца адрадзіць аднайменны футбольны клуб. Каманда, верагодна, возьме ўдзел у Другой лізе чэмпіянату Беларусі па футболе. Нагадаем, што ў 2021 годзе з-за фінансавых праблем праект быў закрыты.
Стадыён "Гарадзея" быў вядомы сваім фірмовым шашлыком, які стаў візітнай карткай клуба. Каб прыцягнуць журналістаў для асвятлення гульняў, яны атрымлівалі талон на бясплатную порцыю.

Роля дырэктара цукровага завода ў гісторыі клуба
Клуб з’явіўся ў 2002 годзе дзякуючы Аляксандру Марчанку, работніку мясцовага цукровага завода. Яго падтрымаў тагачасны дырэктар Міхаіл Крыштаповіч, які любіў футбол і не шкадаваў на яго сродкаў.
Але ў 2021 годзе ён быў арыштаваны па "цукровай справе" і атрымаў вялікі тэрмін — 13 гадоў за атрыманне і дачу хабару ў асабліва буйных памерах.

Новаму дырэктару цукровага камбіната Ігару Макару футбол быў мала цікавы. У пачатку 2021 года ён заявіў, што прадпрыемства нерэнтабельнае, знаходзіцца ў стратным стане. Таму грошай не можа выдзеліць нават для ДЮСШ клуба.
Крыштаповіч улетку 2023 года трапіў пад памілаванне Лукашэнкі і цяпер узначальвае рэчыцкі агракамбінат "Холмеч".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.