Беларускі футбаліст Ілля Шкурын стаў гульцом варшаўскай "Легіі"

Ілля Шкурын

Ілля Шкурын / x.com/legiawarszawa

У чацвер з'явілася афіцыйнае паведамленне, што беларускі футбаліст Ілля Шкурын стаў гульцом варшаўскай "Легіі". Форвард падпісаў з польскім клубам трохгадовы кантракт. Раней паведамлялася, што кошт трансферу складзе 1,5 млн еўра.

У "Легіі" пра Шкурына пішуць, як пра "аднаго з самых эфектыўных нападнікаў польскай экстракласы ў апошнія два сезоны".

"Гэта вялікі крок у маёй кар'еры", — кажа беларускі футбаліст. "Легія" — гэта магчымасць, але і вялікая адказнасць... Хачу забіваць галы", — дадаў ён. 

Іллі Шкурыну 25 гадоў. У 2019-м ён стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Беларусі, у складзе "Энергетыка-БДУ" забіў 19 галоў. Пасля былі ЦСКА, кіеўскае "Дынама" і польскі "Ракуў". У 2022-2023 гадах беларус гуляў у Ізраілі, зноў стаў шмат забіваць. Пераход у польскую "Сталь" аказаўся ўдалым. У першым сезоне Шкурын забіў 16 галоў (другое месца сярод бамбардзіраў чэмпіянату Польшчы). У 19 гульнях гэтага сезону форвард забіў 5 галоў і аддаў 2 галявыя перадачы.

"Сталь" — серадняк, а "Легія" займае пятае месца ў экстракласе. 

У 2020-м Ілля Шкурын падтрымаў пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў і выступіў супраць гвалту з боку сілавікоў. Ён тады заявіў, што не будзе выступаць за нацыянальную зборную Беларусі, пакуль краінай кіруе Аляксандр Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.