У ПАCЕ аднагалосна прынялі рэзалюцыю па Беларусі

Вынікі галасавання па беларускай рэзалюцыі ў ПАСЕ / тг-канал Паўла Латушкі
30 студзеня на пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) аднагалосна прынялі рэзалюцыю пад назвай "Настойлівая неабходнасць правядзення свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі". За гэты дакумент прагаласавалі ўсе 79 членаў ПАСЕ, якія прынялі ўдзел у галасаванні.
З асноўным дакладам выступіў дэпутат Сейма Польшчы, гендакладчык ПАСЕ па пытанні аб дэмакратычнай Беларусі Рышард Петру. Пасля яго ў дэбатах выступіла спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, а таксама прадстаўнікі ўсіх шасці палітычных груп ПАСЕ.
У дакуменце адзначаецца, што "так званыя выбары" 26 студзеня не адпавядаюць мінімальным міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў. ПАСЕ не бачыць падставаў прызнаваць легітымнасць Лукашэнкі.
Рэжыму Лукашэнкі прапануюць спыніць усе рэпрэсіі супраць іншадумства, неадкладна вызваліць палітвязняў і забяспечыць іх рэабілітацыю, абвясціць амністыю для ўсіх арыштаваных па палітычных матывах ды спыніць катаванні і бесчалавечнае абыходжанне з вязнямі. Таксама ПАСЕ заклікае забяспечыць арганізацыю свабодных і справядлівых выбараў з захаваннем грамадзянскіх і палітычных правоў і свабодаў.
Усе краіны-чальцы Савета Еўропы заклікалі "адпрэчыць легітымнасць так званых выбараў у Беларусі ад 26 студзеня 2025 года, выразна заявіць пра сваё непрызнанне абрання Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта Беларусі і пачаць рашучыя крокі ў пашырэнні і інтэнсіфікацыі адрасных санкцый супраць рэжыму і тых, хто падтрымлівае яго незаконную дзейнасць".
Таксама яны заклікалі актывізаваць падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл на чале з Ціханоўскай, падтрымліваць і пашыраць расследаванні парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і актыўна падтрымліваць механізмы, якія дазваляюць прыцягваць да адказнасці вінаватых, вывучыць меры па спрашчэнні ўезду і знаходжанні ў бяспечных і годных умовах беларусаў, якія бягуць ад рэжыму Лукашэнкі.
ПАСЕ заклікала дзяржавы-чальцы Савета Еўропы падтрымаць пазоў урада Літвы наконт сітуацыі ў Беларусі ў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.