Падаўжэнне санкцый ЕС супраць Беларусі і Расіі блакуе Венгрыя

Венгерскі сцяг, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Венгрыя хоча заблакаваць падаўжэнне еўрапейскіх санкцый супраць Беларусі і Расіі. Пра гэта ў Вашынгтоне заявіў кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сіярта, перадае HirTV. Пытанне павінна абмяркоўвацца на пасяджэнні Рады ЕС 24 лютага.
Сіярта паведаміў, што многія еўрапейскія палітыкі хочуць працягу вайны і штурхаюць у гэтым кірунку ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага.
Таксама ён сказаў, што венгерскія ўлады адчуваюць моцны ціск для падаўжэння санкцый, накіраваных супраць Беларусі і Расіі. Тэрмін дзеяння цяперашніх санкцый заканчваецца 15 сакавіка, а рашэнне аб іх падаўжэнні трэба прыняць да 10 сакавіка. Сіярта дадаў, што Венгрыя 24 лютага не пагодзіцца на паўгода падоўжыць санкцыі супраць грамадзян Беларусі і Расіі.
На думку кіраўніка венгерскай дыпламатыі, да 10 сакавіка яшчэ ёсць час і яго трэба выкарыстаць для амерыкана-расійскіх перамоваў. Сіярта заклікаў пазбягаць рашэнняў, якія могуць перашкодзіць паспяховаму выніку гэтых перамоваў.
Акрамя таго, Венгрыя выступіла супраць прапанаванага ЕС пакета дапамогі для Украіны ў памеры 20 мільярдаў еўра. Прычынай назвалі тое, што гэтыя грошы накіраваныя на ўмацаванне пазіцыі Кіева на перамовах, а не на дасягненне міру.
Еўрасаюз падаўжае санкцыі супраць Расіі кожныя шэсць месяцаў, для гэтай пастановы патрабуецца падтрымка ўсіх краін-удзельніц. Цяперашняе падаўжэнне Венгрыя адкладае ад снежня 2024 года, спырша спасылаючыся на інаўгурацыю прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Потым прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан выказаўся за блакаванне санкцый і заклікаў ЕС націснуць на Украіну, каб яна аднавіла транзіт расійскага газу ў Еўропу. Аднак у студзені 2025-га Венгрыя перастала выступаць супраць падаўжэння санкцый, атрымаўшы гарантыі энэергабяспекі з боку Еўрасаюза.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.