Краіны ЕС узгаднілі 16-ы пакет санкцый супраць РФ

Расію чакаюць новыя санкцыі

Расію чакаюць новыя санкцыі / Reuters

У сераду стала вядома, што краіны ЕС узгаднілі 16-ы пакет санкцый супраць РФ. Новыя абмежаванні накіраваныя ў тым ліку супраць экспарту алюмінію (прадугледжваецца паэтапная забарона) і нафты з Расіі. Чакаецца, што ў "чорны спіс" трапяць 73 танкеры ценявога флоту РФ, 13 расійскіх банкаў, дзясяткі асоб і кампаній, піша The Financial Times.

Еўрасаюз накладае санкцыі супраць Масквы ў адказ на яе напад на Украіну. Папярэдні 15-ы пакет санкцый быў прыняты ў сярэдзіне снежня мінулага года. "Мы працягваем падтрымліваць Украіну і працягваем уводзіць санкцыі супраць расійскага агрэсара, таму што гэта правільнае рашэнне, накіраванае на захаванне міжнародных правілаў і парадку, абарону суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці", — заявіў неназваны дыпламат ЕС.

Выданне падкрэслівае, што Еўрасаюз збіраецца ўвесці новыя санкцыі, чакаючы, што ЗША могуць змякчыць абмежаванні ў дачыненні да Расіі. Гаворка пра санкцыі ішла на нядаўніх перамовах у Саудаўскай Аравіі. Па звестках Bloomberg, дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа паабяцаў еўрапейскім саюзнікам не адмяняць антырасійскія санкцыі да завяршэння вайны ва Украіне.

Адначасова ЕС рыхтуе адзін з найбуйнейшых пакетаў ваеннай дапамогі Украіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.