Украіна зможа ўступіць у ЕС у бліжэйшыя пяць гадоў — кіраўніца Еўракамісіі

Урсула фон дэр Ляен з украінскім сцягам / x.com/vonderleyen
Украіна можа стаць чальцом еўразвяза ў найбліжэйшыя пяць гадоў, калі працягне рэформы з той жа хуткасцю і стараннасцю. Пра гэта заявіла кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, якая наведала Кіеў у трэцюю гадавіну поўнамаштабнай вайны.
Кіраўніца Еўракамісіі выказала здзіўленне хуткасцю, якасцю і плённасцю рэформаў, якія Украінай праводзіць у складаных умовах вайны, піша Deutsche Welle. Яна назвала вайну ва Украіне самым галоўным і сур'ёзным крызісам для будучыні Еўропы. Фон дэр Ляен заявіла, што на цяперашні момант немагчыма зняць санкцыі з Расіі, бо яны аказваюць вялікі ўплыў на расійскую эканоміку. Да таго ж, з боку РФ няма канкрэтных крокаў, якія б сведчылі пра яе імкненне да міру.
Старшыня Еўрасавета Антоніу Кошта, які таксама прыбыў у Кіеў, лічыць магчымае ўваходжанне Украіны ў Еўрасаюз найважнейшай гарантыяй бяспекі яе будучыні. Ён пазітыўна ацаніў намаганні Дональда Трампа наконт пачатку перамоваў аб заканчэнні вайны. Пры гэтым Кошта падкрэсліў, што толькі Украіна мае права "вырашаць, калі ўзнікнуць умовы для пачатку эфектыўных і доўгатэрміновых мірных перамоваў".
Падчас візіту ў Кіеў 24 лютага лідары Еўрасаюза і шэрагу краін абвясцілі, што вылучаць новыя пакеты дапамогі. Еўрасаюз ужо ў сакавіку перадасць дапамогу Украіне на 3,5 млрд еўра, заявіла фон дэн Ляен. Гэтыя будзе крэдыт, які пагасяць за кошт замарожаных расійскіх грошай.
Дапамогу на 5 млрд долараў паабяцаў Кіеву прэм'ер-міністр Канады Трудо. Гэтая дапамога таксама будзе фінансавацца за кошт даходаў ад замарожаных сродкаў РФ. Пра новыя пакеты дапамогі Украіне паведамілі Іспанія, Нарвегія, Фінляндыя, Данія ды іншыя краіны. Агульная сума дапамогі, абвешчаная заходнімі краінамі ў трэцюю гадавіну ад пачатку поўнамаштабнай вайны, складае прыкладна 10 млрд еўра, падлічылі ўкраінскія СМІ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.