"Сынок, прыснілася, што ты галодны": добраахвотнік паказвае перапіскі з мамай

"Як ты?"

"Як ты?" / @rubanau_collage

Віталь (імя змененае) вучыцца ў польскім універсітэце і жыве ў інтэрнаце. Яго мама думае, што ён вучыцца ў польскім універсітэце і жыве ў інтэрнаце.

Але год таму ў Віталя быў пазыўны "Штанга". Ён служыў ва ўкраінскай разведцы і хадзіў на штурмы. А яго мама думала, што ён працуе на заводзе ў Польшчы. А не высыпаецца, бо ходзіць на завод да ранішняй змены.

За дзень да першага баявога выхаду мама напісала Віталю:

"Сынок, мне прыснілася, што табе холадна і што ты галодны".

Яму стала не па сабе, але ён адказаў маме: "Усё норм, іду да першай змены".

Яго мама дагэтуль не ведае, дзе Віталь прабыў мінулы год.

— Так, яна ў мяне прарочыца. Атрымліваецца, я маме ... ну, хлусіў, — яму непрыемна гэта гаварыць. — Я б і хацеў ёй пра многае расказаць, але разумеў, што гэта можа нанесці шкоду нашай сям'і.

А ўсім, хто быў у курсе, дзе я быў, казаў і пісаў як ёсць: хлопцы, толькі што з такога ачка вылез. Але ўсё нармальна.

"Сынок, прыснілася, што ты галодны": добраахвотнік паказвае перапіскі з мамай
Перапіска Віталя з мамай

Гэта трэцяя гісторыя з новага праекта Еўрарадыё "Як ты?" Беларускія добраахвотнікі і валанцёры ва Украіне даюць вам зірнуць на свае перапіскі з блізкімі. І расказваюць пра тое, чаго не гавораць, калі на ўсе пытанні адказваюць “Норм”.

 

"Прыязджаеш з Данбаса і робіш дамашку з нейкімі хлопчыкамі-дзяўчатамі"

Віталь жыве ў студэнцкім інтэрнаце ў Польшчы. Амаль усе студэнты, якія кураць на дварэ ці едуць у ліфце з паверха на паверх — такога ж узросту, як ён. Толькі для большасці з іх самая вялікая змена ў жыцці — пераезд ад бацькоў у гэты студэнцкі інтэрнат.

— Гэта праўда забаўна: прыязджаеш з Данбаса і як школьнік ходзіш на пары з нейкімі хлопчыкамі і дзяўчатамі, — кажа Віталь, пакуль мы падымаемся на паверх. — Потым сядзіш, дамашку робіш. Дах, вядома, можна з'ехаць ад такога кантрасту. Але я з гэтага прыкол лаўлю хутчэй.

У ліфце сустракаем хлопцаў, якія падбіраюць на гітары акорды "Лімп Бізкіт". Віталь таксама грае на гітары — ён падбірае акорды да "Палкоўніку ніхто не піша" гурта Бі-2.

Віталь жыве ў пакоі адзін. У яго быў сусед, але ён вярнуўся на вайну. На вайну з мірнага жыцця вяртаюцца многія. "Штанга" забараніў сабе пра гэта думаць і імкнецца не сачыць за тым, што цяпер адбываецца на тых тэрыторыях, якія ён абараняў (усе яны ўжо занятыя рускімі).

— Вайна — гэта як хуткі вуглявод. Яна дае табе велізарную колькасць пачуццяў. Розных — дрэнных, добрых. У цябе яркае, запамінальнае жыццё. У яе ёсць мэта: перамагчы пі...аў. І вакол цябе людзі, якія ў гэтую мэту таксама вераць, якія ўсё для яе робяць. Добрая кампанія, усё выдатна.

А потым ты прыязджаеш сюды — і не разумееш, для чаго жыць. Грошай зарабіць? Пабудаваць сабе дом, завесці сям'ю? А далей што? І калі не можаш прыдумаць сабе мэту, табе хочацца вярнуцца.

Я зразумеў, што калі зараз вярнуся на вайну, гэта будзе не гераічны ўчынак, не доблесць. У гэтым не будзе нічога светлага. Я зраблю гэта дзеля камфорту.

Камфорту?

— Армія ж максімальна за цябе думае. Яна думае, дзе ты будзеш спаць, у колькі і што ты будзеш есці, куды табе ісці. І ты прывыкаеш і, з'язджаючы, адчуваеш велізарную пустату. Пустату, якую многім людзям няма чым запоўніць.


"Вайна аказалася нечым сярэднім паміж "Грузам-200" і "Зялёным слонікам"

Усё, што Штанга апісвае, будзе далекавата ад нашых уяўленняў пра камфорт:

— Вас зноў дзесьці не там высадзілі. Ты стаіш пасярод ночы ў чарназёме гэтым. І яшчэ гэта цудоўнае надвор'е — "плюс адзін": калі ў цябе адразу і лёд, і снег, і гразь. І ты вось ідзеш па гэтым гаўне шэсць кіламетраў пешшу...

Каб атачыць сябе такім камфортам, Віталь кінуў універсітэт, падпрацоўваў, збіраў грошы, качаўся — і нарэшце дабраўся да Украіны.

— Я быццам з дзяцінства ведаў, што на вайне акажуся. Фільмы пра вайну, гульні пра вайну, кнігі пра вайну. Усе цацкі з дзяцінства — таксама пра вайну. Гэты мой шлях быў нібыта наканаваны.

"Сынок, прыснілася, што ты галодны": добраахвотнік паказвае перапіскі з мамай
Віталь / фота з архіва суразмоўцы Еўрарадыё

А сапраўдная вайна аказалася нечым сярэднім паміж "Грузам 200" і "Зялёным слонікам" [расійскі андэграўндны фільм Святланы Баскавай. — Еўрарадыё]. Там не нейкія адэкватныя рэчы адбываюцца, а поўная бязглуздзіца. Быў момант, калі рускія знайшлі каналізацыйную трубу і па ёй, як ва "ўцёках з Шоўшэнка", паўзлі тры кіламетры, каб выпаўзці ва ўкраінскі тыл.

"Штанга" мог і не трапіць на такую "сапраўдную вайну" — на яе давялося літаральна прарывацца. Калі ён прыехаў у полк Каліноўскага, то чатыры месяцы чакаў афармлення дакументаў і проста стаяў на блокпастах.

— Смешна: беларус, гавару на чыстай рускай, сам без дакументаў, а стаю з аўтаматам і дакументы ў афіцэраў ГУР правяраю.

Потым пачаліся бясконцыя зборы, потым — канфлікт з былым штабам ПКК. У выніку Штанга вырашыў не чакаць, калі штаб адправіць яго на сапраўдную вайну, і перавёўся ў Другі інтэрнацыянальны легіён, у групу, дзе служыў іншы беларускі добраахвотнік — Аўгуст.

— У ПКК нам казалі: ды вас на мяса пусцяць, пойдзеце ў акопы! Але я ні пра што не шкадую.

Калі я рыхтаваўся ехаць у ПКК, я бегаў, качаўся, здаваў тэсты Купера (тэсты, распрацаваныя для амерыканскай арміі). Я падцягваюся з вагой дваццаць разоў. А там было шмат людзей, якім гэтая вайна наогул да пі...ы. Дзяды старыя, якія ядуць мухаморы і не могуць пяць разоў адціснуцца.

Але падкрэслю: сённяшні ПКК і той, стары ПКК — гэта розныя структуры. Змянілася камандаванне, цяпер там усё выдатна.

— Многія б і радыя былі адседзецца на Кіеве. Навошта табе "сапраўдная вайна"?

— Ды я ж літаральна ўласныя рэсурсы выдаткаваў, рызыкаваў многім, каб трапіць на гэтую вайну. І не рабіў гэтага, каб сядзець на базе. Многія людзі, магчыма, едуць на вайну, каб фанабэрыю падтрымаць. "Я танкі грыз як барбарыс".

У мяне былі іншыя мэты. Калі ты на вайне, калі ты ў баявым калектыве, ты знаходзішся ў настолькі цудощным чыстым таварыстве, і ўсе вакол сумленныя людзі, і ты гатовы памерці за іх, а яны за цябе. І здаецца, што ты ў раі.

І табе нічога больш не трэба. І настолькі гэта ідэальнае таварыства, што немагчыма прамяняць яго на кіеўскіх скуфаў.


"Ну, нармальны хлопец. Качаешся? Зусім красава, бяром"

Мама дасылала Віталю фота сабакі, ён ёй — мемы з коцікамі. А сам у гэты час хадзіў на баявыя ў Чарнігаўскай і Сумскай вобласці. Там ён служыў у разведцы — то-бок заходзіў на тэрыторыю, якую кантралявалі рускія (ён кажа — "за стужачку").

— А як ты трапіў у разведку? Для гэтага ж, напэўна, патрэбная куча навыкаў? Адкуль яны ў цябе?

— Гэта толькі здаецца. Я прыехаў. Проста пагаварыў з чалавекам. “Здаровы?” — “Здаровы”. — “Ну, нармальны хлопец. Качаешся? Зусім красава, бяром”.

Медыкам, санітарам разведгрупы я стаў літаральна пасля чатырохдзённых курсаў. А былі хлопцы, якія пасля такіх чатырохдзённых курсаў ехалі адразу на Бахмут. Ва Украіне час цячэ вельмі хутка.

— Раскажы пра першы баявы. Што было насамрэч, калі ты схлусіў маме, што ідзеш на завод?

— У нас затрымалася машына ў гразі, і мы проста пяць гадзін яе выштурхоўвалі. Сваім першым баявым, чымсьці па-сапраўднаму сур'ёзным я лічу першае перасячэнне мяжы і заход для дыверсійнай дзейнасці на варожую тэрыторыю.

Але выглядала гэта, напэўна, вельмі смешна.

Наша група — чатыры чалавекі. Самае складанае ў працы разведкі — міны. І вось першы чалавек ідзе з мінашукальнікам і з аўтаматам за спінай — як памежнік. Другому трэба было купіць нешта для разметкі сцежкі, каб мы маглі яе знайсці, калі пойдзем назад. І ён купіў жоўта-блакітныя сцяжкі і ідзе такі, фанат "Дынама-Кіеў", з гэтымі сцяжкамі.

"Сынок, прыснілася, што ты галодны": добраахвотнік паказвае перапіскі з мамай
Віталь з пабрацімамі / фота з асабістага архіва суразмоўцы Еўрарадыё

Трэці — я, адзіны, хто аўтамат у руках трымае, і яшчэ гранатамёт на мне вісіць, душыць. Чацвёрты чалавек нясе гэтую АТшку (гранатамёт), а аўтамат за ручкі ледзь не як бабка за сабой цягне. Ну вось так мы ідзём. Прайшлі. Зрабілі што хацелі. Што не хацелі — не зрабілі.

Пачынаем вяртацца і разумеем, што вось гэтыя жоўта-блакіныя сцяжкі — яны наогул не бачныя. Мы іх паставілі і згубілі гэтую сцежку ўжо вельмі даўно.

— А металашукальнік?

— Разрадзіўся. І мы проста па памяці неяк выходзілі. Ты ідзеш і кожны свой крок адчуваеш. Не апісаць гэтае пачуццё. Нібыта па плаціне ступаеш.

На вайне забаўна, што калі сітуацыя па-сапраўднаму небяспечная, табе не страшна. Трэба сканцэнтравацца і зрабіць. А вось сапраўды страшна — гэта калі там якая-небудзь вавёрка прабяжыць рэзка, і ты з аўтаматам на яе выскокваеш, і ад адрэналіну закладвае вушы.

Віталь кажа, што галоўным праціўнікам часта аказваюцца не рускія, а руская артылерыя. Ці нават свае, бо на вайне шмат "фрэндлі фаеру".

— Сувязь наладжаная вельмі кепска. Бывалі выпадкі, калі нашы хлопцы вярталіся з пазіцыі, а іх прымалі за варожую ДРГ. І тады мог пачацца, скажам так, кіпіш.

Я таксама пару разоў стаяў пад кулямётамі сваіх. Так, сітуацыя была вельмі забаўная.

Мы вяртаемся і бачым — людзі на СПшцы ["спостережный пост", назіральны пункт. — Еўрарадыё]. Падыходзім, а там перапалоханы чэл кідаецца да ПКМ і пачынае яго пры нас перазараджваць. Мы яму: бл...ь, свае, усё такое. Мы разумеем, што ў выпадку чаго мы яго проста завалім, але як бы хочацца пазбегнуць гэтай сітуацыі.

Ну і пачынаеш імёны камандзіраў называць, шукаць, у каго з сабой ваеннік ёсць.

— А ўкраінцы сярод вас былі?

— Толькі адзін. Ну а што ён зробіць? На ўкраінскай пачне гаварыць? Ну, карацей, усё абышлося. У такіх сітуацыях галоўнае — проста не нервавацца.

— Проста не нервавацца?!

— Ну так, проста не нервавацца.


Альбо абсалютны вырадак, альбо абсалютнае дабро

Віталю падабалася працаваць на поўначы Украіны — у Чарнігаўскай і Сумскай абласцях. Ён кажа, што гэта была больш інтэлектуальная праца, чым потым, на ўсходзе. На поўначы ты мог хоць нешта пралічыць у сваіх дзеяннях. На ўсходзе проста бой — "хто каго мясам задушыць".

І людзі на поўначы Украіны яму падабаліся.

— Чарнігаўская вобласць наогул ідэальная і ўнікальная, бо блізкая да Беларусі. Там некаторыя нават на беларускай мове гавораць. Ты ідзеш, а табе: адкуль вы, хлопцы? І гэта пры тым, што мы хадзілі ў цывільным і стараліся не вылучацца. Але ўсім, вядома, зразумела, што калі група мужыкоў заязджае ў дом у прыфрантавой лініі — ну кім яны могуць быць?

Я звычайна жартаваў — "Вагнер".

Была бабуля адна, наогул цудоўная жанчына, шчасця ёй і здароўя. Яна нам гатавала. Ой, ну там было шмат прыемных рэчаў.

А вось у Данецку было па-рознаму. Былі людзі, якія проста ўсю душу табе аддавалі, і вось проста заўсёды хочацца неяк вярнуць ім гэтае дабро. А былі ждуны. Яны чакалі, калі нарэшце рускія іх вызваляць. Часам  бачыш, што чалавек проста негатыўна да цябе настроены. Было, што нам нехта напісаў: "Бандэры, уё...". Не дапісаў — культурны, савецкі, выхаваны чалавек.

Вайна — гэта наогул абсалютны кантраст. Ты сустракаеш там і людзей, якія жывуць пад абстрэлам і працуюць за капейкі проста дзеля таго, каб вам дапамагчы. І проста гандонаў. Чагосьці сярэдняга, нейкага проста чалавека, там няма. Альбо абсалютны вырадак, альбо абсалютнае дабро.

 

“Пасля таго як паглядзеў у вочы смерці, сны пра экзамены ўжо не страшныя”

Штанга не афішуе, што вярнуўся з Украіны, але ўсе рэчы ў шафе — камуфляж. Увогуле, шмат хто ў інтэрнаце здагадваецца, дзе ён прабыў мінулы год. Часам просяць расказаць пра вайну, тады ён расказвае "прыколы" — але ніхто не смяецца.

— Напрыклад?

Штанга расказвае, як на Новы год яны з хлопцамі накурыліся, і ён убачыў "руку смерці" — цень, які падае на суседні кіеўскі дом. А раніцай у той дом уляцела ракета. І Штанга пабег дапамагаць эвакуяваць людзей. І разам з міліцыяй выломліваў дзверы. І забег у адну кватэру, а там сядзеў чалавек без ног. І ён кінуўся аказваць яму дапамогу, накладваць турнікеты — і аказалася, што ў чалавека даўно не было ног, гэта не раненне.

— Я думаю: цяпер разам пасмяёмся. А людзі плакаць пачынаюць.

"Сынок, прыснілася, што ты галодны": добраахвотнік паказвае перапіскі з мамай
Кіеў, абстрэл у Новы год / з асабістага архіва суразмоўцы Еўрарадыё

Карацей, з цывільнымі складана.

Я пытаю ў Віталя, якія ў яго планы на дзень — і як праходзілі яго дні ва Украіне. Ён выбірае адказваць адразу на другое пытанне.

— Там кожны дзень не падобны наогул ні на што ў гэтым свеце. Кожны дзень — гэта... Ды я нават не ведаю, як гэта растлумачыць. Хтосьці нешта ўчудзіць, нейкую цікавую задачу паставяць, потым якія-небудзь разборкі (хтосьці дзяўчыну не падзяліў, хтосьці — знайшоў), і вы ўсе едзеце на гэтыя разборкі. Потым вас абстраляюць. Пастаянна куча адрэналіну і мора эмоцый.

— А тут?

— А тут... ды проста руціна.

Нядаўна Віталь з сябрамі ездзіў у польскія горы. Паставілі намёты — і да іх тут жа прыехалі паліцэйскія на снегоходах, каб выпісаць штраф. Гэтая еўрапейская бюракратыя бесіць, бо яшчэ некалькі месяцаў таму было "ўсё можна".

У Віталя не было правоў кіроўцы — але ў ягоным вайсковым білеце было напісана “водій-стрілець”. Нават калі на дарозе спыняць, штраф не выпішуць. А нават калі выпішуць? Віталь — беларус, замежнік, добраахвотнік. У яго няма месца жыхарства ва Украіне, гэты штраф проста няма куды даслаць.

— Ну ці вось забаўна было: на вакзале ў Дняпры па дарозе з Данбаса выйшлі з сябрам пагуляць. І калі назад вярталіся, ішлі праз металадэтэктар. Пі-пі-пі. "Ой, а пакажыце заплечнік? А што ў вас там?" Бл...ь, я патроны не выклаў.

Да мяне тут жа мянты падбягаюць. "Вы вийсковый? Ой, а мы ўжо міліцыю выклікалі. Там штраф вялікі, сто тысяч грыўняў!.." Я разумею, што яны хабар цягнуць, а я пад дурачка кашу: "Ой, як жа так! А я два гады на вайне сяджу, першы раз выехаў, што ж такое..." Яны такія:" пасведчанне пакажыце? Ой, вы беларус? Гэта ж міжнародны скандал будзе!"

Патроны былі досыць рэдкія, я ў выніку іх проста аддаў — кажу, забірайце, мне ўсё роўна яшчэ ў Кіеве праз дэтэктар ісці.

Карацей, закон ва Украіне мне вельмі падабаецца, асабліва калі ты вайсковец.

(паўза)

Ды і прырода прыгожая.

Прырода ва Украіне ўжо не раўнамерна прыгожая. На ўсходзе, дзе ідуць баі, ад дрэў засталіся мёртвыя палкі.

— ...і ў нейкі момант разумееш, што проста стаіш пасярод ночы ў цэнтры поля адзін паміж пі....кай пасадкай і нашай. І думаеш: так, нешта я ў гэтым жыцці зрабіў не так. Дзесьці я памыліўся.

Але потым, калі ўсё гэта заканчваецца, усё зноў добра. І ты думаеш: найлепшая праца ў свеце, і нічога лепшага ў гэтым жыцці няма.

Чым бліжэйшая смерць, тым больш жыць хочацца. А калі ты далёкі ад смерці, то табе неяк і ўсё роўна, што адбываецца вакол.

— І чаго табе хацелася тады? Маўляў, вось вярнуся — і адразу…

— Ды паспаць хацелася.

Цяпер, калі Віталь жыве ў студэнцкім інтэрнаце мірным жыццём, ён мог бы спаць колькі хочацца, але жыве па ваенным раскладзе. Прачынаецца рана, робіць уборку, вучыцца, чытае. Запаўняе кніжкамі пустэчу, ад перадазіроўкі якой яго пабрацімы вяртаюцца на вайну.

— Я гісторыю люблю і добра ведаю, хацеў стаць археолагам, але ўсё ж гісторыя — гэта гуманітарная навука, якую можна і без універсітэта засвоіць. А з надзейных планаў у мяне — стаць навігатарам марскога судна. Пайду на флот.

А гэта што за кніжка? Што чытаеш?

— А, гэта? “The history of mass media”.

Гартае.

Тут тлумачыцца працэс фармавання інстытутаў. Люблю філасофію. Раней экзістэнцыялісты падабаліся. Ніцшэ. Але потым зразумеў, што ў іх занадта шырокае поле для маніпуляцый. Неяк падобныя іх тэксты да пацанскіх цытатнікаў.

Цяпер адкрыў для сябе трансцэндэнталістаў — Дэкарта, Канта. Але Кант, бл...ь, складаны. Як матэматыку чытаеш — вяртаешся кожны раз да папярэдняй старонкі. Іх на англійскай я пакуль чытаць не магу.

Шмат вучуся. Як у школе — дамашку раблю.

Але ў школе, калі Штанга быў Віталём, яму сніліся кашмары пра тое, што ён праваліў экзамен. Яны сняцца і цяпер, толькі Віталю больш не страшна. Ён сядзіць унутры сну і не перажывае праз экзамен.

— Калі ты паглядзеў у вочы смерці, табе такія рэчы, як экзамены, не такімі страшнымі здаюцца.

Віталь успамінае пра школу, і я ўспамінаю, што ён не так даўно яе скончыў. Яму ўсё яшчэ цікава, што пра яго падумаюць настаўнікі, калі даведаюцца, што іх вучань ваяваў ва Украіне. Цікава, ці пазнаюць яго. Цікава, ці заўважаць перамены.

— А сябры заўважаць?

— Сябры, сябры... паняцце сяброўства на вайне пераасэнсоўваеш.

Там сябры — гэта сапраўды сябры. Гэтыя людзі становяцца табе бліжэйшыя за некаторых сваякоў. Тое, што ты з кімсьці ў школе піва піў — гэта ўжо не мае такога значэння. Не, напэўна яны добрыя людзі, ты ж нездарма менавіта з імі пасябраваў.

Але маё новае кола знаёмстваў — гэта мая новая сям'я.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.