“Вясёлае гета” рэпарцёра з Чэхіі, які перажыў допыты ў акупацыі і бачыў Беларусь

Рэпарцёр Ондржэй Немэц

Рэпарцёр Ондржэй Немэц / Еўрарадыё

— Паліцыі я заўсёды баяўся. Ад самага майго дзяцінства яны стаялі ў нас пад дзвярыма: да гэтага я ўжо бачыў некалькі ператрусаў, а пасля — яшчэ нашмат больш, — кажа рэпарцёр Ондржэй Немэц.

Суразмоўнік Еўрарадыё нарадзіўся ў 1960 годзе і вырас у шматдзетнай сям’і вядомых чэшскіх дысідэнтаў-псіхолагаў Даны ды Іржы Немцовых

У кватэры, дзе яны жылі, заўсёды збіралася шмат людзей з чэшскага андэграўнду. Адным з частых гасцей быў прэзідэнт колішняй Чэхаславакіі, а пасля і Чэхіі Вацлаў Гавэл. Сябры гралі на гітарах, спявалі песні, мяняліся кружэлкамі ды кнігамі, і, вядома, абмяркоўвалі важныя палітычныя падзеі.

Дзякуючы атачэнню і захапленню фатаграфіяй з 12 гадоў, за сваё жыццё спадар Ондржэй здолеў сабраць вялікі архіў, які напачатку 2000-х быў моцна пашкоджаны паводкай у Празе.

У размове з журналісткай Еўрарадыё рэпарцёр распавядае пра тое, як атрымалася працягнуць жыццё сапсаваным здымкам, дзеліцца ўспамінамі, у тым ліку — пра паездку ў Беларусь, а таксама меркаваннем пра сённяшнюю сітуацыю ў нашай краіне. 

Акупацыя-1968

“Памятаю, як мама азірнулася і пабачыла, як мы паказваем рускім языкі”

Шэсцьдзясят восьмы год я, натуральна, памятаю, але як што — гэта здарылася 21 жніўня. Былі канікулы, і мы былі не ў Празе, а ў вёсцы.

Мы жылі там у хатцы, дзе не было электрычнасці і вады, і я памятаю, як мама хадзіла ў аўтарамонтную майстэрню да спадара Вэргла слухаць радыё.

Вярталася яна досыць перапужанай. Пасля прыехаў дзядуля, які сказаў — хоць пры нас яны спачатку не хацелі, а потым ужо сказалі — што здарылася акупацыя. 

“Вясёлае гета” рэпарцёра з Чэхіі, які перажыў допыты ў акупацыі і бачыў Беларусь
Дзеці Немцовых / Архіў
“Вясёлае гета” рэпарцёра з Чэхіі, які перажыў допыты ў акупацыі і бачыў Беларусь
"Школа была непрыемным абавязкам..." / дома ў Ондржэя Немца / Архіў

“Калі ў мяне з’явілася фоталабараторыя, гэта быў сапраўдны цуд!”

Нашая кватэра на Ечнай сапраўды была адкрытай для ўсіх. Спачатку, натуральна, прыходзілі перш за ўсё сябры Марціна Іроўса, з кола ягоных сяброў-мастакоў, The Plastic People.

Мэйла Глаўса, кампазітар The Plastic People, урэшце стаў маім шваграм, ён ажаніўся з маёй сястрой Янай. Яны таксама жылі на Ечнай. Кватэра была вялікай, і ў ёй жыло шмат людзей.

Калі хтосьці прыязджаў у Прагу — людзі з андэграўнду з паўночнай Чэхіі ці з Брна, пазней і дысідэнты — яны ведалі, што, зайшоўшы да нас на Ечную, яны даведаюцца, якія навіны, што адбываецца, каго пасадзілі.

У пачатку 1970 гадоў часам яшчэ ўдавалася ладзіць канцэрты ці нефармальныя выставы, але ў сярэдзіне 1979-х гайкі ўжо пачалі закручваць.

Што тычыцца фатаграфавання, я пачаў ім займацца недзе ў 1972 ці 1973 годзе. У андэграўндзе ці ў альтэрнатыўнай платформе, якую Марцін Іроўс калісьці назваў “Merry ghetto” — “Вясёлае гета”, усе нечым займаліся. Ва ўсіх была нейкая праца, але кожны з іх ці пісаў, ці граў у гурце, ці маляваў, ці пісаў вершы — кожны нешта рабіў. Некаторыя займаліся фатаграфіяй.

Мяне фатаграфія цікавіла, мне падабалася, што ты нібы ўдзельнічаеш у нейкіх падзеях, але схаваны за фотаапаратам, крыху здалёк. Калі ў мяне на Ечнай з’явілася фоталабараторыя, гэта быў сапраўдны цуд! Нас там было вельмі шмат, потым з’яўляліся розныя сябры і сяброўкі, якія там жылі, а я мог зашыцца ў сваю фоталабараторыю, і ў мяне адзінага з усёй сям’і была прыватная прастора, дзе я мог праяўляць здымкі.

Фатаграфаваць я любіў. Былі часы, калі я, як нехта казаў, без фотаапарата не выходзіў смецце вынесці. Гэта была праўда. Я фатаграфаваў розныя падзеі. Мне падабалася здымаць людзей.

Я тады ўжо чытаў кніжкі пра сацыяльную фатаграфію. У майго бацькі была вялікая бібліятэка, але не толькі філасофская, у яго была процьма кніг па мастацтве і па фатаграфіі.
 

Пахаванне прафесара і васьмігадзінны допыт

Для маіх бацькоў прафесар Ян Патачка быў вельмі важнай асобай  [чэхаславацкі філосаф, адзін з найвялікшых філосафаў XX ст., папярэднік чэшскай фенаменалогіі, падпісант “Хартыі 77”. — Еўрарадыё].

З дзяцінства мы ведалі, што спадар, які часам прыходзіў да нас у белым шаліку — гэта сапраўдны прафесар. Мы ведалі яго ўнукаў і яго дзяцей, натуральна, але яны былі на пакаленне старэйшыя. Мае бацькі былі ягонымі вучнямі. 

“Вясёлае гета” рэпарцёра з Чэхіі, які перажыў допыты ў акупацыі і бачыў Беларусь
Прафесар Ян Патачка / Архіў
“Вясёлае гета” рэпарцёра з Чэхіі, які перажыў допыты ў акупацыі і бачыў Беларусь
Чэхаславацкі андэграўнд / Ондржэй Немэц
“Вясёлае гета” рэпарцёра з Чэхіі, які перажыў допыты ў акупацыі і бачыў Беларусь
Пахаванне прафесара Яна Патачкі / Ондржэй Немэц

Я хадзіў вакол натоўпу і ведаў, што за мной ходзяць шпегі. Гэта было непрыемна, але Францішка Сокалава, дачка прафесара Патачкі, папрасіла мяне зрабіць фотаздымкі, і таму я казаў сабе, што я раблю фота для сям’і.

Калі я наздымаў плёнку, у якой былі 24 кадры, я вынуў яе. Пахаванне ўжо сканчалася, а я ведаў, што за мной хвастом ходзяць агенты — побач акурат стаяў тата, і я спытаў у яго: “Тата, што мне рабіць? Мне трэба аддаць каму-небудзь гэтую плёнку, бо мяне, канечне, затрымаюць”. Тата сказаў: “Так, добра, зараз арганізуем”.

Узнікла нейкая купка людзей, у якой была мая сястра Маркета, тата, я, Мікалай Станкавіч [Паэт-падпольшчык, кінакрытык, бібліятэкар, перакладчык, падпісант “Хартыі-77”. — Еўрарадыё]. Я трымаў касету ў руцэ, яе пачалі перадаваць з рук у рукі, і яна трапіла ў кішэню Мікалая Станкавіча, які сышоў з ёй з пахавання.

Затрымалі майго тату, сястру Маркету і мяне. Нас адвезлі на допыт, але плёнкі ў мяне не знайшлі.

Гэта было непрыемна, мне было сямнаццаць, толькі-толькі за два тыдні да таго споўнілася. Я нарадзіўся ў канцы лютага, а гэта было каля 15 сакавіка. Гэта быў самы агідны допыт у маім жыцці, ён цягнуўся восем гадзін.

У мяне былі доўгія валасы. Гучалі такія класічныя пытанні: дзявочае прозвішча маці, імя, месца нараджэння, каму вы аддалі плёнку. Добры і злы паліцэйскі, яны чаргаваліся. “Ты праз свае патлы не чуеш?”

Я абаперся аб стол, а яны: “Не развальвайся тут!” Мне давялося адсунуцца на два метры ад стала, вось так трымаць валасы, бо “я праз іх не чую”, і сядзець так некалькі гадзін. 

“Вясёлае гета” рэпарцёра з Чэхіі, які перажыў допыты ў акупацыі і бачыў Беларусь
Ондржэй Немэц / Архіў
“Вясёлае гета” рэпарцёра з Чэхіі, які перажыў допыты ў акупацыі і бачыў Беларусь
"Карлін затапіла цалкам..." / 2002 год / info.cz

Шафы нахіліліся, паплылі. Яшчэ ўвечары і ўночы ўвесь архіў газеты вынеслі на другі паверх, але мой мяшок быў так добра схаваны, а ў той час ужо не было электрычнасці, і яго ніхто не знайшоў. Паводка ў Карліне была такой, што вада не сышла, яна заставалася на месцы яшчэ доўга.

Я трапіў туды толькі праз два тыдні, знайшоў пакет у кабінеце сярод смецця, выліў з яго ваду, адвёз яго на лецішча і там паступова разбіраў гэтыя стужкі плёнкі са здымкамі.

Каля двухсот такіх стужак я пакінуў проста на памяць. На іх яшчэ засталіся рэшткі эмульсіі. У бруднай вадзе жывуць бактэрыі, якія раз’ядаюць эмульсію, і таму там засталося мала.

Тады я, натуральна, вельмі балюча гэта перажываў, таму што гэта частка майго жыцця. Гэта нават не тое каб дзённік, але ж там былі фота маіх дзяцей, фота сям’і, сяброў. Я кожны з гэтых здымкаў памятаю, адразу ж усплывае тая сітуацыя — і вось, раптам, усё знікла. 

Праз шмат гадоў мой сябра дзяцінства Лукаш Волэк, фатограф, які захварэў на рассеяны склероз і не мог хадзіць, прапанаваў адсканаваць усе мае дзвесце стужак плёнкі. А Revolver Revue і Віктар Карлік увесь час прасілі ў мяне нейкія фоткі для часопіса. 

Я казаў, што я рэпарцёр і не займаюся мастацкай фатаграфіяй. Вы — мастацкі часопіс, у мяне нічога такога няма. А потым я падумаў, што гэта магло б іх зацікавіць — паказаў яму гэтыя 500-700 фота, якія атрымаліся ў сутворчасці з вадой, і ён зрабіў з іх вось такую кнігу. 

“Вясёлае гета” рэпарцёра з Чэхіі, які перажыў допыты ў акупацыі і бачыў Беларусь
Святлана Ціханоўская ў Чэхіі / 2021 год / Reuters

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі