Курапаты, аэрапорт “Мінск” і раман пра Беларусь. Гутарка з чэшскім дысідэнтам

Яхім Топал

Яхім Топал / Еўрарадыё

— Я належу да ліку тых, хто з захапленнем успрымаў 90-я гады, з захапленнем перажываў Аксамітную рэвалюцыю ў Чэхаславаччыне і развал Савецкай імперыі, — расказвае Еўрарадыё адзін з самых знакамітых сучасных чэшскіх пісьменнікаў і музыкаў Яхім Топал

Сёння наш суразмоўца, які выйшаў з сям’і дысідэнтаў, працуе ў Бібліятэцы імя Вацлава Гавела, дзе неаднаразова праводзіў імпрэзы з беларускімі пісьменнікамі. 

Пераклады яго твораў вядомыя чытачам з усяго свету. Больш за тое, аднойчы Яхім Топал прыляцеў у Мінск і ў 2008 годзе па матывах сваіх уражанняў напісаў раман "Цэх д’ябла", дзеянні якога адбываюцца ў фіктыўнай фантасмагарычнай Беларусі (пераклаў раман на беларускую мову Сяргей Сматрычэнка).

Што так моцна звязвае аўтара з нашай краінай? У чым блізкасць і розніца жыцця ў колішняй Чэхаславаччыне і сёняшняй Беларусі? Чаму беларускую культуру можна параўнаць са зброяй супраць рэжыму Лукашэнкі? 

Адказы на гэтыя ды іншыя вострыя пытанні (у тым ліку пра тое, як мы ўсе адарвемся пасля перамогі над дыктатурай), шукайце ў нашым інтэрв’ю. 

Усе свае кнігі я пісаў як развітанне з савецкім часам

Мы сустракаемся ў Празе, але для мяне міжнародны кантэкст — гэта самае важнае. І самае страшнае тут, вядома, расійская агрэсія, расійская вайна супраць Украіны. Гэта тое, што, натуральна, змяняе нашыя жыцці, хоць трэба прызнаць, што жыццё ў Празе і ў Чэхіі па-ранейшаму бяспечнае і камфортнае. Усе мае кнігі, у тым ліку раман “Цэх д’ябла”, які я напісаў пасля наведвання Беларусі, для мяне былі пэўным развітаннем з Усходняй Еўропай. 

Я належу да тых, для каго сучаснасць усё яшчэ ўяўляе вялізарны шок, гэта нялёгкі і няпросты час.

Ці натхняе мяне гэта на пісанне? У мяне хутчэй адчуванне, што я ў гэтым часе неяк разгубіўся. Я ўвесь час чакаю, што сітуацыя палепшыцца, калі жахлівая расійская вайна скончыцца паразай Расіі. 

Відаць, я засвоіў, што надзея мае сэнс, дзякуючы чэхаславацкай рэвалюцыі, якая прайшла вельмі хутка і скончылася вельмі добра. Але часы, калі гэта адбылося, ужо вельмі далёка. Гэта 89-ы год, трыццаць гадоў таму.
 

Не ісці ў піянеры і не запісвацца ў БРСМ — нармальна

Я рос у часы камунізму ў сацыялістычнай Чэхаславаччыне, дзе панавала жорсткая цэнзура, была ўлада адной партыі — камуністычнай. З дзяцінства праз тату, які быў дысідэнтам і пісьменнікам, чые кнігі былі забароненыя, я належаў да дысідэнцкага асяродку. 

Але трэба сказаць, што тады ў нас ужо не было сталінізму, ён знік недзе ў 50-х. І ў 70-х, калі я быў дзіцём, абсалютная большасць дзяцей у класе былі піянерамі, яны былі неяк арганізаваныя. 

Курапаты, аэрапорт “Мінск” і раман пра Беларусь. Гутарка з чэшскім дысідэнтам
Беларусь... Краіна для жыцця? / Еўрарадыё

І ў Беларусі са мной адбыўся сапраўдны шок. Сутыкненне гісторыі, калі — мне вельмі пашанцавала, што маю паездку арганізаваў мой сябра Сяргей Сматрычэнка, цудоўны перакладчык і выдатны, разумны чалавек — калі мы былі ў Курапатах, а яшчэ на розных месцах лагераў смерці часоў ВАВ, другой сусветнай вайны, я пачаў усведамляць: гэта неверагодна, я з Чэхаславаччыны, насельніцтва якой да вайны было дзесяць мільёнаў, як і ў Беларусі, але ў Чэхаславаччыне падчас другой сусветнай вайны загінула каля 350 тысяч чалавек, у Беларусі каля 3 ці 4 мільёнаў. 

НКВД і сталінізм у Беларусі таксама былі забойчай машынай. 

У Чэхаславаччыне таксама былі лагеры і расстрэлы, але непараўнальна менш. Вось дзе Захад і Усход, вось яна, тая мяжа, у бязлітаснасці. Так, я быў у шоку, бо мы гэтага не ведалі. 

Нас выхоўвалі ў тым, што існуе Савецкі Саюз, добрыя рускія і гэтак далей, і мы зусім не ведалі, што ёсць нейкія беларусы. Для мяне гэта стала спазнаннем і важным момантам у жыцці. Таму я напісаў кніжку “Цэх д’ябла”, якая выйшла і ў перакладах, пад назвай “Па халоднай зямлі”. 
 

Бадун таксоўшчыка, суткі ў беларускім аэрапорце і раман “Цэх д’ябла”

Спрычыніўся да гэтага і таксоўшчык, які вёз мяне ў аэрапорт каля чатырох гадзін раніцы. Беларускі таксоўшчык, у якога быў страшэнны бадун. І я спазніўся на самалёт. Паводле дакументаў я мусіў пакінуць краіну да нейкага часу. 

Такім чынам, я быў вымушаны застацца ў аэрапорце на суткі. І на апошнія грошы, якія ў мяне былі дзякуючы таму, што я не піў алкаголь, я купіў квіток да Берліна. І за суткі ў аэрапорце, дзе быў страшэнны холад, там хадзілі патрулі беларускіх вайскоўцаў, я напісаў аснову гэтага жахлівага рамана.

Сюжэт пачынаецца ў Тэрэзіне, былым габрэйскім гета і канцлагеры кіламетраў за 30 ад Прагі. Гэта адно з месцаў, якія згадваюцца ў кожным падручніку. Я рабіў там калісьці рэпартаж пра тое, што Тэрэзін знішчаны паводкай, і дзяржава мусіць выдзеліць сотні мільёнаў крон, і ЕС мусіць захаваць гэтае месца памяці пра другую сусветную вайну. 

А потым я прыехаў у Беларусь і ўбачыў там процьму месцаў, дзе былі лагеры смерці, дзе былі канцлагеры і брацкія магілы з часоў сталінізму, пра якія ніхто асабліва не клапаціўся. Нават не было дакладна вядома, колькі людзей забіла НКВД, а колькі забілі нацысты. 

І я зразумеў, што адно з адрозненняў паміж Заходняй і Усходняй Еўропай у тым, што на Захадзе другая сусветная вайна — гэта гісторыя, нешта накшталт падзеяў эпохі Юлія Цэзара, у той час як у нас — і Чэхаславаччыны гэта таксама тычыцца — на Усходзе гэтыя даўнія злачынствы ўсё яшчэ жывыя. 

Я прачытаў кнігу пра спальванне беларускіх вёсак падчас другой сусветнай вайны. Яна была асновай для фільма “Ідзі і глядзі”. І пасля я пагадзіўся са Святланай Алексіевіч, сустрэчу з якой у нашай бібліятэцы мадэраваў, што гэтая кніжка, якую склаў, наколькі я памятаю, Янка Брыль, для яе таксама была вызначальнай. Размовы з вяскоўцамі, якія перажылі гэтыя жудасныя вынішчэнні... У гэтых забойствах удзельнічалі не толькі немцы, але і “саветы”, палякі, беларусы, рускія. Гэтая частка гісторыі дагэтуль не адкрытая.
 

СССР зрабіў усё, каб пра Беларусь нічога не ведалі

Гэта, натуральна, таму, што часткі савецкай імперыі ніхто не адрозніваў. Калі я ўпершыню быў у Амерыцы ў 90-х гадах, мяне лічылі расіянінам, бо Чэхаславаччына належала да савецкай імперыі. 

Але я працую ў Бібліятэцы Вацлава Гавела, і ў нас выступаў шэраг беларускіх творцаў. Напрыклад, беларускі пісьменнік Ілля Сін, чый раман “Лібіда” мне надзвычай спадабаўся. Я вёў з ім размову перад нашай публікай, мы бачылі яго на экране. 

Курапаты, аэрапорт “Мінск” і раман пра Беларусь. Гутарка з чэшскім дысідэнтам
Яхім Топал і пераклад "Лібіда" Ілля Сіна / Архіў пісьменніка

Яшчэ адзін пісьменнік — Зміцер Дашкевіч. Па-чэшску выйшаў ягоны раман “Чарвяк”, і ён у нас выступаў. Тут быў паэт, з якім я пасябраваў — Дзмітрый Строцаў. Ён атрымаў прэмію Disturbing the Peace, яго вершы выйшлі па-італьянску. У нас выступаў цэлы шэраг беларускіх творцаў, а таксама палітыкаў. 

Сярод людзей у атачэнні Бібліятэкі Вацлава Гавела Беларусь вядомая. 

Але ў тым, што яна не вядомая шырэй, вінаватая савецкая імперыя, дзе ўсе нацыі зліваліся, усім было ўсё адно. 

Пра Беларусь заўсёды гаварылі і пісалі ў сувязі з пратэстамі. І сёння, калі пратэсты задушаныя, Беларусь успрымаецца як сапраўды цёмная таталітарная краіна, у якой мы ўсе чакаем нейкай палітычнай змены. Сітуацыя пасля пачатку вайны, я гавару цяпер вельмі банальна і проста, яшчэ горшая. 

У Бібліятэцы Вацлава Гавела ў мяне была дыскусія з удзелам расійскіх анархістаў, якія прыехалі з Гамбурга, і яны гаварылі пра беларускіх анархістаў. Мне ў рукі трапіла кніга… я не памятаю яе назву… якую за кратамі напісаў Ігар Аліневіч

І гэтая кніга пра беларускую турму сучаснасці абсалютна шыкоўная, вельмі моцная, выдатна напісаная. І, вядома, жудасная. Таму людзі, якія цікавяцца і чытаюць, ведаюць пра Беларусь, перадусім дзякуючы творцам.
 

Для беларусаў сённяшняя сітуацыя цяжэйшая, чым для ўкраінцаў

Я заўсёды сачыў за пратэстамі ў Беларусі, у мяне былі магчымасці гутарыць з рознымі творцамі і палітыкамі, якія выступалі ў Бібліятэцы, і я думаю, што быў не адзіным, хто захапляўся іх супрацівам і нязломнасцю. 

Умовы, у якіх людзі знаходзяцца за кратамі, па-мойму, можна параўнаць хіба з найгоршым перыядам у гісторыі Чэхаславаччыны, які я не заспеў. Але людзі, якія чыталі кнігу Змітра Дашкевіча “Чарвяк” пра вязніцу, людзі, якія ведаюць кнігу “Еду ў Магадан” Ігара Аліневіча, мусяць захапляцца ўнутранай сілай і фізічнай сілай людзей, якія ідуць на пратэст у Беларусі. Гэта сапраўды жорстка, і мы захапляемся гэтымі людзьмі. 

Мы можам імі захапляцца на адлегласці, можам чытаць іх кнігі, можам адчуваць салідарнасць з імі і спадзявацца, што сітуацыя палепшыцца.

Я згадваю словы, якія прачытаў у інтэрв’ю беларускага паэта Андрэя Хадановіча, дзе ён казаў, што для беларуса цяперашнія часы цяжкія, бо яму яшчэ і сорамна. Яму сорамна за тое, што лукашэнкаўскі рэжым выкарыстоўвае Беларусь для агрэсіі ва Украіне. Таму мне здаецца, што для беларусаў сённяшняя сітуацыя цяжэйшая, чым для ўкраінцаў — у гэтым адчуванні.
 

Беларусы не роўна Лукашэнка

Гэта абсалютна відавочна. Згодна з маім чэхаславацкім досведам, тыя, хто ва ўладзе, і прыгнятаюць народ, — гэта кожнаму зразумела. Гэта гвалт, які трымае Беларусь на шворцы. Гэта такі брутальны гвалт. Калі б ён быў не такім брутальным, я ўпэўнены, што беларускі народ паўстаў бы супраць Лукашэнкі і зрынуў бы яго.

І вельмі важныя тыя беларускія дабравольцы ці ваяры, якія ваююць ва Украіне. Яны, на мой погляд, сёння трымаюць штандар, які бачны свету, і яны даказваюць, што народ жыве пад прыгнётам, але працягвае пратэставаць.
 

Інтэлігенцыя — зброя супраць Лукашэнкі

Культура заўсёды ратавала нацыю, сілкавала ідэнтычнасць. У змрочныя часы культура заўсёды была важнай. Як я ўжо казаў, падназва нашага самвыдатаўскага часопіса была “Літаратура як зброя”. Зброя супраць хлусьні, зброя супраць гвалту. І я думаю, хай гэта банальна, што брутальнасць рэжыму сведчыць пра ягоную слабасць. 

Беларускі рэжым гістэрычна баіцца кожнай свабоднай праявы, баіцца песень, вершаў. Ён баіцца не толькі калашнікавых ці ракетамётаў, але нават анекдотаў і песень. І гэта ягоны канец, які абавязкова прыйдзе. 

Сотні дзеячаў культуры, якія не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, выехалі з Беларусі і не могуць вярнуцца. Дома іх чакае турма. За мяжой яны працягваюць пісаць кнігі, даваць канцэрты і пашыраць веды пра Беларусь

Мой багаты жыццёвы досвед і досвед майго пакалення кажа, што перад чэхаславацкай рэвалюцыяй мы не верылі, што яна здарыцца. Мы думалі, што застанемся ў гэтым андэграўндзе да смерці, назаўжды. Нішто не прадвяшчала, што савецкі малох можа абрынуцца. 

Але ж раптам гэта здарылася. І мне здаецца, што гэта не проста нейкі цуд, гэта гістарычная неабходнасць, і ў Беларусі гэта здарыцца таксама, рана ці позна. Тэрор 2020 года цягнецца ўжо некалькі гадоў, але ён не вечны. Цяпер важна выжыць. І кожны верш, кожная песня, кожны анекдот — гэта зброя супраць рэжыму, які ўжо трымаецца з апошніх сіл. 
 

Я — аматар творчасці Васіля Быкава. У яго можна павучыцца

Я адкрыў для сябе Васіля Быкава, калі быў яшчэ хлопцам, у часы камунізму. Ён захапіў мяне сваім рэалізмам. У ягоных раманах я не бачыў ідэалогіі, нічога ідэалагічнага, у мяне было адчуванне, што я чытаю чалавека, які піша пра штосьці, што сам перажыў. 

Мяне вельмі ўразіла, што ён быў вайскоўцам, нейкім аўтаматчыкам, які стаў пісьменнікам. А потым, калі я даведаўся, што ў 68-м годзе ён пратэставаў супраць акупацыі Чэхаславаччыны, я ўсвядоміў, што ён застаўся адважным чалавекам. 

Калі ён быў маладым хлопцам, ён ішоў з аўтаматам супраць немцаў, а потым стаў вядомым пісьменнікам, і гэта яго не сапсавала. А потым ён нават пратэставаў супраць уваходу войскаў у Афганістан. Я ведаю, што ўсе людзі захапляліся, напрыклад, Эрнэстам Хэмінгуэем як рэалістам. Але Быкава яны не ведалі, гэта была гісторыя другой сусветнай вайны. 

А мне ў маладосці падабалася чытаць пра другую сусветную вайну. Не тое каб я быў мілітарыстам, мне проста было цікава. Быкаў не толькі рэалістычна апісваў тое, што перажыў, у яго яшчэ быў прыхаваны маральны заклік — не быць баязліўцам, мець адвагу, змагацца.

Тое, што ён даказаў гэта і сваім жыццём — а наколькі я ведаю, Лукашэнка выжыў яго з Беларусі, я нават чытаў, што там быў нейкі музей, які быў забаронены — і я падумаў, што гэта салдат, які змагаецца нават пасля ўласнай смерці. Гэта пісьменнік, але не інтэлектуал, а вайсковец. Гэта мяне захапляе дагэтуль.

Калі Лукашэнка скончыцца, усе выйдуць з турмы і зладзім фэст!

У мяне ёсць план, што калі ў Беларусі будзе свабода, я зладжу там вялікі літаратурны фестываль, на якім выступяць беларускія аўтары, якія выступалі ў бібліятэцы Вацлава Гавела, такія як Андрэй Хадановіч, Дзмітрый Строцаў, Зміцер Дашкевіч, з турмы выйдзе Ігар Аліневіч, ды яшчэ я і пара сяброў. Зробім там літаратурны фестываль. Будзе свабода, таму людзі будуць цікавіцца нашымі тэкстамі значна менш, чым сёння. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі